У Беларусь з афіцыйным візітам прыбывае Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці

16 июля 2015

Сёння ў Беларусь з афіцыйным візітам прыбывае Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці. Гэта яго першы візіт на вышэйшым узроўні ў нашу краіну. Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Цімофці сустрэнуцца ў фармаце адзін на адзін і ў пашыраным складзе. Малдова - важны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі. У СНД - чацвёрты пасля Расіі, Украіны і Казахстана. Акрамя таго, у Мінску праходзіць беларуска-малдаўскі бізнес форум. Сёння на парадку дня двух прэзідэнтаў - перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва Мінска і Кішынёва.

Падрабязней - Дар'я Белавусава-Пятроўская. Палац Незалежнасці сёння ў цэнтры палітычных падзей. З афіцыйным візітам нашу краіну наведвае Прэзідэнт Малдовы. Мікалай Цімофці ўжо прыязджаў у Мінск, удзельнічаў у самітах СНД. Але на вышэйшым узроўні - гэта яго першы візіт у Беларусь.

Дыпламатычным адносінам Беларусі і Малдовы больш за 20 гадоў. За гэты час Аляксандр Лукашэнка наведваў Кішынёў двойчы: у 1995-ым і год назад, у 2014-ым. Тады, тавараабарот дзвюх краін быў каля 400 мільёнаў долараў, і прэзідэнты дамовіліся яго нарасціць. А для гэтага ёсць вялізны патэнцыял. Малдова - важны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі.

У СНД чацвёрты пасля Расіі, Украіны і Казахстана. У Малдове працуюць больш за 35 тысяч трактароў "Беларус", малдаўскі спажывец добра знаёмы з нашай бытавой тэхнікай, таварамі лёгкай прамысловасці, малочнай прадукцыяй, медыцынскімі прэпаратамі. У сваю чаргу Беларусь, за апошнія некалькі гадоў, выйшла на першае месца па пастаўках вінаробнай прадукцыі з Малдовы, а гэта больш за чвэрць усяго малдаўскага экспарту віна. Але мы не толькі гандлюем, але і развіваем сумесныя вытворчасці. Так, на МТЗ ствараюць універсальныя трактары спецыяльна для працы на малдаўскіх вінаградніках і садах. Дарэчы, летась Малдова падпісала Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і атрымала зону свабоднага гандлю з Еўропай. Дзякуючы вызваленню малдаўскіх тавараў ад выплаты мытных пошлін ВУП краіны павялічыцца на 1 мільярд еўра. Ад збліжэння Кішынёва з ЕС будзе карысць і для Мінска. Малдова прапаноўвае Беларусі карыстацца яе зонай свабоднага гандлю з ЕС.

Сёння адбудуцца перамовы не толькі лідараў дзвюх краін, але і дзелавых колаў Беларусі і Малдовы. У рамках афіцыйнага візіту, у Мінску праходзіць беларуска-малдаўскі бізнес-форум. Асноўныя тэмы - сельская гаспадарка, машынабудаванне, аднаўляльныя крыніцы энергіі і распрацоўка тэхналогій абароны навакольнага асяроддзя.