У Беларусь з дыпламатычнай місіяй можа прыбыць пасол ЗША

1 мая 2016

У найбліжэйшыя некалькі гадоў у Беларусь з дыпламатычнай місіяй можа прыбыць пасол ЗША. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей на сустрэчы з журналістамі ў рамках візіту Хелен Кларк у Беларусь. Намеснік Генеральнага сакратара ААН наведала мінскую школу № 130, дзе адкрылі мемарыяльную дошку памяці Рут Уолер. У 46-м годзе 24-гадовая ўраджэнка Каліфорніі прыехала ў Мінск у складзе місіі ЮНРРА - арганізацыі, створанай ААН для дапамогі краінам, якія пацярпелі ў гады Другой сусветнай вайны. Штаб гуманітарнай місіі размясціўся ў Лошыцкім парку. Аднойчы падчас прагулкі Рут заўважыла траіх дзяцей, якія танулі, і кінулася ў ваду іх ратаваць. Падарыўшы жыццё хлопчыкам, дзяўчына ахвяравала сваім. Учынак маладой амерыканкі - сімвал міжнароднай салідарнасці нават праз 70 гадоў. Гэта, дарэчы, аб непераходзячых каштоўнасцях у дыпламатыі. На такім фоне і адбылася гутарка аб развіцці і ўмацаванні адносін.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:

"Толькі праз дыялог, спакойнае супрацоўніцтва, пашырэнне пазітыўнай атмасферы мы зможам прыйсці да ўзаемаразумення і цеснага супрацоўніцтва. І мы зараз знаходзімся са Злучанымі Штатамі Амерыкі як раз на этапе паступальнага пашырэння пазітыўнай атмасферы нашых адносін. Я перакананы, што гэта тэндэнцыя прадоўжыцца, таму што з абодвух бакоў ёсць гатоўнасць да поўнай нармалізацыі нашых адносін".