У Беларусь прыбывае генеральны дырэктар МАГАТЭ

18 апреля 2016

У рамках трохдзённага рабочага візіту Юкія Амана сустрэнецца з кіраўніком Міністэрства замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем, а таксама прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання Беларусі. Таксама гендырэктар МАГАТЭ возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця Міжнароднай выставы і канферэнцыі "АтамЭкспа", наведае пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС і Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі:

Палітычныя кантакты ўрада Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва МАГАТЭ ажыццяўляюцца на стабільна высокім узроўні. За апошнія 4 гады адбыліся візіты ў Беларусь Генеральнага дырэктара Агенцтва Юкія Амана (2012 г.) і двух яго намеснікаў – Аляксандра Бычкова (2012 г.) і Дзяніса Флоры (2014 г.). Прыярытэтамі ўзаемадзеяння з Агенцтвам з’яўляюцца развіццё нацыянальнай ядзерна-энергетычнай інфраструктуры, у тым ліку ўмацаванне кадравага патэнцыялу галіны і рэгулюючага органа, а таксама ахова здароўя, рэабілітацыя рэгіёнаў, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС».

Акрамя таго, стала вядома, што на працягу года і пачатку наступнага беларускую АЭС, якая будуецца, наведаюць ацэначныя місіі МАГАТЭ. Нагадаем, увод першага энергаблока атамнай электрастанцыі ў прамысловую эксплуатацыю запланаваны на 2018 год, другога - на 2020.