У Беларусь прыбыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін

8 июня 2016

У Беларусь для ўдзелу ў ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі прыбыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Самалёт расійскага лідара гадзіну таму прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Уладзіміра Пуціна сустракаў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Прэзідэнт Расіі адразу адправіўся ў Палац Незалежнасці, дзе ў гэтыя хвіліны з расійскім лідарам сустракаецца Аляксандр Лукашэнка. Лідары абмяркоўваюць беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін, а таксама міжнародны парадак дня. На сустрэчы будзе разгледжаны ход рэалізацыі рашэнняў, прынятых на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое прайшло ў Мінску 25 лютага. Таксама прэзідэнты гавораць пра вынікі пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое адбылося ў Астане 31 мая, і перспектывы далейшага пашырэння інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Пазней прэзідэнты адправяцца ў Палац Рэспублікі для ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Перад дэлегатамі выступіць Аляксандр Лукашэнка.

У Палацы Рэспублікі працуе наш карэспандэнт Аляксей Адашкін. З самай раніцы тут у Палацы Рэспублікі праходзіць пленарнае пасяджэнне Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Практычна ў рэжыме нон-стоп выступаюць сенатары, губернатары, міністры дзвюх краін. Нагадаем, што аграрная палітыка і вытворчая кааперацыя былі галоўнымі тэмамі першых двух такіх папярэдніх кангрэсаў, якія прайшлі ў Мінску і Сочы. Сёння ў цэнтры ўвагі - сацыяльная палітыка. Вядома ж, шмат гавораць тут і пра эканоміку, развіццё якой напроста ўплывае на ўсе гуманітарныя праекты.

Наогул, варта адзначыць, што форум рэгіёнаў у свой час ініцыявалі верхнія палаты парламентаў Беларусі і Расіі. Менавіта сенаты з'яўляюцца органамі рэгіянальнага прадстаўніцтва. Таму мадэратарамі абмеркавання тут, у Палацы Рэспублікі, з'яўляюцца Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і кіраўнік Савета федэрацыі Валянціна Мацвіенка. У Мінск для ўдзелу ў форуме прыбылі дэлегаты з 43 расійскіх рэгіёнаў. У іх ліку 13 губернатараў і 3 старшыні ўрада. Некаторыя з іх упершыню прыляцелі ў Беларусь. Напярэдадні яны наведалі нашы прамысловыя, адукацыйныя, сельскагаспадарчыя і культурныя аб'екты. Пазнаёміліся з лепшымі ўзорамі беларускай прадукцыі, якая такім чынам, напэўна, зможа хутчэй патрапіць у гандлёвыя сеткі расійскіх абласцей. Вынікам форуму стане і падпісанне вялікага партфеля з кантрактамі. Паводле прыкладных падлікаў, агульная сума камерцыйных пагадненняў можа перавысіць 300 мільёнаў долараў. Пра папярэднія вынікі гэтых двухдзённых міжрэгіянальных перамоў нам распавялі кіраўнікі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі.

Летась тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй у грашовым выражэнні знізіўся. Таму задача форуму рэгіёнаў у тым ліку і ў актывізацыі сумеснага гандлю. Ажыўленне ў гэтай сферы напроста паўплывае і на рашэнне сацыяльна-гуманітарных пытанняў. Сёння ў Палацы Рэспублікі абмяркоўваюць фарміраванне агульнай адукацыйнай прасторы, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў сферы культуры, турызму і журналістыкі, а таксама моладзевую палітыку. Усё гэта патрабуе сродкаў, і фінансаванне сацыяльных праектаў, натуральна, залежыць ад агульнага становішча эканомік дзвюх краін.

У Палац Рэспублікі зусім хутка прыбудуць і прэзідэнты дзвюх краін. Хацелася б адзначыць, што для Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна гэта будзе ўжо чацвёртая сустрэча з пачатку года. Як не раз падкрэслівалі ўдзельнікі форуму, менавіта аб'яднанне высілкаў дзвюх краін дапамагло нам памякчыць наступствы ваганняў на знешніх рынках. А міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, якое звычайна завуць падмуркам адносін, зараз можа стаць лакаматывам, які будзе рухаць наперад узаемную эканоміку. Тым больш што ў палітыцы ўсе пытанні паспяхова вырашаюцца на самым высокім узроўні.