У Беларусь прыбыў еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах па пашырэнні ЕС

17 апреля 2015

У Беларусь з двухдзённым візітам прыбыў еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах па пашырэнні ЕС. Візіт праходзіць у рамках наведвання Ёханесам Ханам усіх шасці краін "Усходняга партнёрства" напярэдадні рыжскага саміта. Ён пройдзе 21-22 мая. Галоўная мэта прыезду - вывучыць магчымасці ўзаемадзеяння паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "У рамках візіту запланаваны шэраг афіцыйных сустрэч для абмеркавання актуальных пытанняў узаемадзеяння Беларусі і ЕС, а таксама рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнёрства". У прыватнасці, 17 красавіка Ё. Хана прыме Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей".

Ёханес Хан знаходзіцца ў Беларусі ўпершыню. Апошні раз еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства наведваў Беларусь у 2010. Тады гэта быў Штэфан Фюле, які двойчы прылятаў у Мінск.