У Астане прайшло пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД

2 ноября 2018

Далейшае развіццё Садружнасці Незалежных Дзяржаў абмеркавалі сёння ў Астане, там прайшло пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Беларусь прапаноўвае ўдзяліць асаблівую ўвагу эканамічным ініцыятывам і інвестыцыям: нягледзячы на рост узаемнага гандлю, яго доля ў агульным тавараабароце краін Садружнасці займае толькі пятую частку. Да прыкладу, у Еўрасаюзе на ўнутраны гандаль прыпадае больш за палову. Па выніках пасяджэння падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў сферах ядзернай бяспекі, даследавання космасу. Актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва дамовіліся сёння Беларусь і Узбекістан - у Астане падпісаная дарожная карта. Яна прадугледжвае пастаўкі МАЗаў на 2 млн долараў, трактароў МТЗ - на 5 млн. Акрамя таго, Беларусь мае намер увайсці ва ўзбекскі баваўняна-тэкстыльны кластар, а ў Мінску можа з'явіцца гандлёвы дом або магазін узбекскіх тавараў.

Чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД пройдзе 31 мая ў Ашхабадзе.