У Астане падводзяць вынікі саміта АДКБ

9 ноября 2018

Кіраўнікі дзяржаў учора правялі перамовы ў вузкім і пашыраным фарматах. На парадку дня было 23 пытанні: падвядзенне вынікаў года пад старшынствам Казахстана, агульная дэкларацыя і заява аб скаардынаваных мерах у дачыненні да членаў тэрарыстычных фарміраванняў. У прыярытэтах таксама мадэрнізацыя структуры ўпраўлення АДКБ і калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. Лідары краін прынялі рашэнне аб палажэнні аб Цэнтры крызіснага рэагавання АДКБ. Дакументам вызначаныя арганізацыйныя і прававыя асновы дзейнасці гэтай структуры. Абмеркавалі і актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Зацверджаная стратэгія па барацьбе з незаконнай міграцыяй да 2025 года. Старшынства ў Арганізацыі на наступны год пераходзіць Кыргызстану.

Саюзнікі зацвердзілі статусы назіральнікаў і партнёраў АДКБ - гэта пашырыць магчымасці Арганізацыі на міжнароднай арэне. Дарэчы, гэтая ініцыятыва была выказаная летась нашай краінай у перыяд яе старшынства. Пад рашэнне падвялі прававы падмурак і зацвердзілі яго падчас саміта. Гэта ўзмацніць пазіцыі Арганізацыі не толькі ў рэгіёне, дзе дэ-факта партнёрамі ўжо з'яўляюцца краіны СНД, Іран, Пакістан і дзяржавы Шанхайскай платформы, але і на сусветнай арэне. Напрыклад, у дыялогу з АБСЕ, НАТА і ААН.

Зрэшты, відавочныя дасягненні ў сферы бяспекі не адмяняюць марудлівасці рашэнняў у пэўных пытаннях. Яе адзначае афіцыйны Мінск і настойвае на абнаўленні АДКБ, асабліва ў хуткасці прыняцця рашэнняў і дысцыпліны іх выканання.

Не вырашылася адна з галоўных інтрыг саміта: пасада генеральнага сакратара Арганізацыі па-ранейшаму вакантная. Рашэнне аб прызначэнні адклалі да наступнай сустрэчы прэзідэнтаў у снежні ў Санкт-Пецярбургу. Па выніках саміта ў Астане кіраўнікі краін падпісалі некалькі міжнародных дакументаў.