У адрас Прэзідэнта і ўсяго беларускага народа паступаюць віншаванні ад кіраўнікоў замежных дзяржаў

9 мая 2019

У гэтыя дні ў адрас Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі і ўсяго беларускага народа паступаюць віншаванні ад кіраўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. У іх  словы падзякі і глыбокай пашаны ўсім, хто сваімі подзвігамі на франтах, у партызанскіх атрадах і ў падполлі набліжаў Перамогу. Вольга Давідовіч прачытала віншавальныя тэлеграмы. 

Гэтая Перамога кавалася адна на ўсіх. Таму лагічна, што першымі свае віншаванні  накіравалі лідары краін Садружнасці. Акрамя пажаданняў міру і росквіту, у кожнай тэлеграме словы глыбокай падзякі і ўдзячнасці беларусам за іх уклад у гісторыю Вялікай Перамогі. 

У ліку першых беларускага лідара павіншаваў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. 

"9 мая аддаюць даніну падзякі і глыбокай пашаны ўсім тым, хто сваімі подзвігамі на франтах, у партызанскіх атрадах, у падполлі набліжаў Перамогу. Наш святы абавязак - захоўваць памяць аб іх незлічоных ахвярах, акружаць клопатам і ўвагай ветэранаў і, вядома, змагацца супраць любых спроб перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны дзеля палітычнай кан'юнктуры".

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў адзначыў неверагодную гераічнасць і мужнасць, самаахвярнасць і стойкасць, выяўленыя ў гады вайны. 

"Упэўнены, што добрыя традыцыі сяброўства і ўзаемападтрымкі нашых народаў, якія прайшлі суровае выпрабаванне ваенных гадоў, і надалей паслужаць трывалым падмуркам для далейшага развіцця і ўмацавання двухбаковых адносін, стратэгічнага партнёрства і шматпланавага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі".

У віншавальнай тэлеграме першы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў адзначыў:  "У гэтае святое для ўсіх нас свята мы з павагай схіляем галовы перад усімі ветэранамі. Мы поўныя самай глыбокай падзякі воінам-франтавікам і працаўнікам тылу за іх самаахвярнасць і гераічнасць. З гонарам успамінаем загінуўшых на палях бітваў".

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў перакананы, што моцныя сувязі сяброўства паміж народамі абедзвюх краін, загартаваныя ў суровых выпрабаваннях ваенных гадоў, будуць і надалей служыць трывалым падмуркам стратэгічнага партнёрства паміж дзяржавамі.

"Дзень Вялікай Перамогі назаўжды застанецца сімвалам яднання і згуртаванасці нашых народаў. Мы аддаем належнае і выказваем самую глыбокую ўдзячнасць героям, якія здзейснілі бяспрыкладны подзвіг і разграмілі фашызм". 

Словы падзякі ветэранам і працаўнікам тылу гучаць і ў віншаванні Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона.

"Нашы народы, выказаўшы згуртаванасць, мужнасць і бяспрыкладную гераічнасць на палях бітваў і ў тыле Вялікай Айчыннай вайны, перамаглі фашызм, абараніўшы тым самым свабоду і мір для будучых пакаленняў. Іх славуты подзвіг назаўжды застанецца ў нашай памяці". 

Сардэчна павіншаваў з 74-й гадавінай Вялікай Перамогі беларускі народ і яго лідара Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мерзіёеў.  "Мы схіляемся перад іх неверагоднай стойкасцю і мужнасцю, самаахвярнасцю і патрыятызмам. 9 Мая - гэта святы дзень для ўсіх народаў, чые сыны і дочкі, не шкадуючы сваіх жыццяў, плячо ў плячо ваявалі за мір і волю і дзякуючы адзінству і згуртаванасці атрымалі перамогу ў самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайне". 

Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што Дзень Перамогі - гэта светлае свята, якое сцвярджае ідэю мірнага суіснавання, добрай волі і гуманізму. 

"У гэты знамянальны дзень мы з глыбокай пашанай успамінаем нашых агульных герояў, якія адважна змагаліся плячо ў плячо на франтах вайны і самааддана працавалі ў тыле ў імя шчаслівага жыцця будучых пакаленняў і свабоды ўсяго чалавецтва". 

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон са шкадаваннем канстатаваў, што ўрокі Другой сусветнай вайны засвоеныя не ўсімі.  "У наш час, калі ў многіх краінах, каб дагадзіць палітычнай кан'юнктуры, гісторыя вайны фальсіфікуецца, а падзеі тых гадоў груба скажаюцца, як ніколі важна, каб праўда пра вайну перадавалася з пакалення ў пакаленне".

Цёплыя віншаванні з пажаданнямі поспехаў, дабрабыту і росквіту народу Беларусі паступаюць у адрас Аляксандра Лукашэнкі і ад іншых кіраўнікоў дзяржаў, вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, кіраўнікоў інтэграцыйных аб'яднанняў. Вялікі і важны дзень у гісторыі многіх краін.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя