У 2017 годзе па ініцыятыве Беларусі быў умацаваны аўтарытэт АДКБ на міжнароднай арэне

8 февраля 2018

Старшынства Беларусі ў АДКБ стала вельмі эфектыўным для арганізацыі. Аб гэтым сёння ў Маскве заявіў намеснік генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў. У прыватнасці, па ініцыятыве нашай краіны было ўзмоцнена знешнепалітычнае супрацоўніцтва дзяржаў - удзельнікаў Дагавора аб калектыўнай бяспецы і ўмацаваны аўтарытэт арганізацыі на міжнароднай арэне. Так у 2017 годзе было прынята 14 заяў па розных міжнародных праблемах, у тым ліку 4 заявы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таксама Беларусь выступіла з прапановай аб стварэнні Інстытута партнёрства.

Валерый Семерыкоў, намеснік генеральнага сакратара АДКБ: "Беларусь дакладна сказала: "Трэба адпрацаваць механізм партнёрства і прыняць яго". Такі механізм у 2017 годзе быў адпрацаваны. Кіраўнікі дзяржаў гэта пытанне абмеркавалі і прынялі асобнае пратакольнае рашэнне. І ў 2018 годзе мы Інстытут партнёрства запусцім. Гэта вельмі важна. Гэта як раз праца за межамі нашай арганізацыі, з нашымі партнёрамі, якія падзяляюць нашы погляды і падтрымліваюць".

Міжнароднае супрацоўніцтва прыводзіць да эфектыўных вынікаў. Напрыклад, антынаркатычная аперацыя "Канал", у якой удзельнічае больш за 20 краін. У 2017 годзе было канфіскавана больш за 20 тон розных наркатычных сродкаў. А за 11 гадоў працы - звыш 360 тон. Сёння АДКБ выступіла з ініцыятывай правесці аперацыю "Наёмнік". Яна датычыцца барацьбы з выхадцамі з ІДІЛ, якія спрабуюць перабрацца з Сірыі на тэрыторыю дзяржаў, што ўваходзяць у зону адказнасці АДКБ.