Удзельнікі Кантактнай групы падпісалі мемарандум

20 сентября 2014
У Мінску да позняй ночы працягваліся перамовы ўдзельнікаў Кантактнай групы. 7 гадзін за зачыненымі дзвярамі бакі шукалі шляхі ўрэгулявання крызісу ва Украіне.

Вынікам стала падпісанне мемарандума. Дакумент складаецца з 9 пунктаў, галоўныя з якіх - поўнае спыненне агню, адвод войскаў і цяжкага ўзбраення, стварэнне буфернай зоны на адлегласці 30 кіламетраў, забарона палётаў баявой авіяцыі і вывад усіх замежных узброеных фарміраванняў. Таксама ўздоўж усёй мяжы Расіі і Украіны з'явіцца маніторынгавая місія АБСЕ. У сваёй заяве экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма выказаў падзяку ўсім удзельнікам за дапамогу.

Старшыня Савета міністраў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка заявіў, што пытанне аб статусе ЛНР і ДНР не абмяркоўвалася. Разам з тым удалося прыйсці да канкрэтных крокаў па адводзе войскаў.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў дадаў, для ўзгаднення тэхнічных дэталяў па гэтай лініі судакранання было выдаткавана больш за ўсё часу. Між тым усе члены Кантактнай групы пацвердзілі правільнасць рашэнняў папярэдняй сустрэчы.

Бакі таксама дамовіліся, што будуць працягваць больш актыўны абмен палоннымі. Дасягнутыя дамоўленасці ўступяць у сілу праз суткі з моманту падпісання дакумента.