У кандыдатаў у дэпутаты з сённяшняга дня ёсць магчымасць выступіць у радыёэфіры

22 января 2018

Кандыдаты ў дэпутаты на мясцовых выбарах працягваюць змагацца за галасы выбаршчыкаў. Па ўсёй краіне праходзіць этап агітацыі. З сённяшняга дня ў прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла ёсць магчымасць выступіць у радыёэфіры.

Кожнаму кандыдату выдзеляць бясплатных мінімум тры хвіліны. Гэтага часу досыць, каб распавесці не толькі пра сябе, але і выказаць планы па працы ў акрузе і азнаёміць аўдыторыю са сваёй выбарчай праграмай. Выступленні пойдуць у запісы. Іх будуць круціць на мясцовых радыёстанцыях у будныя дні ў прайм-тайм з 6 вечара аж да старту датэрміновага галасавання, г.з. да 12 лютага ўключна.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Гэта будзе абласное радыё. Там, дзе ў гарадах, раёнах ёсць мясцовае раённае радыё, а такіх няшмат, кандыдаты ў дэпутаты будуць выступаць па гарадскім радыё. Ужо з панядзелка ў рабочыя дні пачнуцца гэтыя выступленні. Гэта будзе не менш як тры хвіліны, анонс будзе давацца мясцовымі радыёстанцыямі, якія будуць запісваць кандыдатаў і выпускаць у эфір. Гэта ўсё будзе ісці ў запісы".

На мясцовых выбарах, нагадалі ў Цэнтрвыбаркаме, тэлевізійны эфірны час кандыдатам не падаецца. Але, да прыкладу, за грошы асабістага фінансавага фонду, які мае права адкрыць любы кандыдат у дэпутаты, выбарчыя праграмы могуць з'явіцца на старонках мясцовых газет.