ЦВК: За 3 дні датэрміновага галасавання на ўчасткі прыйшлі больш як 19% выбаршчыкаў

14 ноября 2019
У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Паводле звестак ЦВК, за 3 дні на ўчасткі прыйшлі больш як 19% выбаршчыкаў. А гэта прыблізна 800 тысяч чалавек. Прычыны, па якіх людзі аддаюць свой голас за таго або іншага кандыдата, у кожнага свае. Але галоўнае, на што звяртаюць увагу падчас галасавання, якім сферам павінен надаць увагу патэнцыяльны дэпутат у сваёй будучай працы. Аб тым, як праходзіць датэрміновае галасаванне і якімі беларусы бачаць будучых народных выбраннікаў, матэрыял Аляксандра Лучонка. 

Парламенцкія выбары: датэрміновае галасаванне 


Да чарговага рэйса ўсяго пару дзён. Ужо ў гэтую нядзелю Юрый Гойдзь будзе за сотні кіламетраў ад дома - аграгарадка Верцялішкі. Вадзіцель са стажам у гарачы сезон працуе практычна без выхадных. Таму сённяшні маршрут прадумаў загадзя, зрэшты, як і выбар кандыдата. Зараз у аднаго з патэнцыяльных дэпутатаў ураджай галасоў папоўніўся яшчэ адным "за". 

У Верцялішках участак для галасавання размясціўся ў мясцовым доме культуры. Канцэртная зала - самае вялікае памяшканне ў аграгарадку. І невыпадкова. Зарэгістраваных выбаршчыкаў тут больш за тысячу. І каб не ствараць чэргаў, усталявалі адразу тры кабінкі для галасавання. 

Актыўна да датэрміновага выбарчага марафону далучылася ўся Беларусь. Галачку ў графе "за" сваім кандыдатам сёння прынеслі выбаршчыкі ў Гомельскім раёне. Мясцовыя жыхары дзеляцца: у першую чаргу для іх важныя правільныя акцэнты ў праграмах кандыдатаў. Так, Наталлю Кавалёву хвалюе развіццё медыцыны і безбар'ернага асяроддзя. 

Шматлікія падчас выбару звяртаюць увагу на прафесію кандыдата, узрост і сямейнае становішча. А вось аб тым, што важна ў гонцы за галасы, распавяла асабіста кіраўнік Цэнтрвыбаркама. Лідзія Ярмошына традыцыйна прагаласавала датэрмінова, паміж справамі дала пару прафесійных парад выбарчай камісіі і ацаніла на вока актыўнасць на яе выбарчым участку. 

Нагадаем, для датэрміновага галасавання патрэбен пашпарт альбо іншы дакумент, які сведчыць асобу. Усяго паўдзельнічаць у выбарах змогуць амаль 6 мільёнаў 900 тысяч беларусаў. Празрыстасць і сумленнасць галасавання на ўчастках кантралююць 30 тысяч нацыянальных назіральнікаў і яшчэ тысяча ад міжнародных арганізацый - СНД, ПАСЕ, БДІПЧ і АБСЕ. 

Свой голас аддала і тая, чый голас ведаюць тысячы беларусаў. Спявачка Жанет наведалася на выбарчы ўчастак сёння, таму што ў нядзелю плануе сваю сольную праграму на канцэрце ў Гродне. Але перад ад'ездам аб сваім выбары расклала як па нотах. 

У галоўны дзень галасавання ў вядучай АТН Паліны Шубы - "Галоўны эфір". Таму наша калега вырашыла зрабіць свой выбар паміж навінавымі выпускамі. Да адзнакі на бюлетэні падышла з асаблівай адказнасцю. Бо сама ж аб працы абраных дэпутатаў неўзабаве будзе расказваць на першай кнопцы.

Між тым, тыя самі будучыя дэпутаты працягваюць барацьбу за галасы выбаршчыкаў. Перадвыбарная агітацыя ў краіне ў самым разгары. Удзельнікі гонкі праводзяць пікеты і сустракаюцца з жыхарамі сваёй акругі: расказваюць аб праграмах і ініцыятывах, якія гатовыя ўвасабляць у жыццё ў Авальнай зале. Для дыялогу з электаратам вызначаны месцы і дакладна прапісаны правілы. Акрамя вулічных пікетаў, кандыдаты таксама размаўляюць з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі ў школах, на прадпрыемствах. Такія лакацыі, дзе вялікія залы, вядома, таксама загадзя ўзгодненыя. А значыць, ёсць усе магчымасці і ўсе ўмовы, роўныя абсалютна для кожнага кандыдата. Зроблена гэта для таго, каб палітычная кампанія прайшла цывілізавана і барацьба за дэпутацкае крэсла была сумленнай і канкурэнтнай. Таму ўсё, што выходзіць за рамкі закону, нясе цалкам відавочныя наступствы. Гэта важна разумець і кандыдатам, і выбаршчыкам.

Сяргей Хмарук, пракурор Мінска: "Адказнасць за парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў прымяняецца не толькі да арганізатараў, але і да іх удзельнікаў. Удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэннем заканадаўства, цягнуць адміністрацыйную адказнасць, у тым ліку да адміністрацыйнага арышту, так і крымінальную – з усімі наступствамі. Акрамя гэтага, арганізатары і ўдзельнікі такога мерапрыемства абавязаныя пакрыць урон, прычынены падчас яго правядзення. Асабліва хацелася б звярнуць увагу дарослых на паводзіны іх непаўналетніх дзяцей. У сілу несфарміраванай жыццёвай пазіцыі дзеці могуць стаць ахвярай і трапіць пад уплыў нядобрасумленных дарослых. Не залянуйцеся пацікавіцца, чым жыве ваша дзіця, у тым ліку і ў інтэрнэце. Магчыма, гэта дапаможа ўсцерагчы яго ад неабдуманых учынкаў, а вас - ад расходаў. Бо вы нясеце за яго ў тым ліку і матэрыяльную адказнасць".

Сваім выбарчым правам сёння скарысталіся прадстаўнікі абсалютна розных прафесій. Памочнік Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы прагаласаваў разам з жонкай. Да выбараў вопытны кіраўнік падышоў, як гаворыцца, з веданнем справы. 

У цэлым на датэрміновым галасаванні адзначаюць эксперты высокую актыўнасць. Нядзіўна - выбар вялікі. На 110 дэпутацкіх месцаў у парламенце новага склікання прэтэндуюць 515 чалавек. Асаблівая спартыўная цікавасць да выбараў і чаканне выніку і ў алімпійскай чэмпіёнкі Антаніны Кашэль. Сёння да гэтага, зусім не гімнастычнага снарада, яна падышла не без долі хвалявання, але,  як і належыць сапраўднай спартсменцы, з поўнай упэўненасцю. 

За два дні датэрміновага галасавання свой выбар ужо зрабілі 11 з паловай працэнтаў беларусаў. Самая вялікая яўка - у Віцебскай вобласці - амаль 13 працэнтаў выбаршчыкаў. На ўчасткі Гомельскага рэгіёну прыйшлі больш як 12 працэнтаў. Прыблізна аднолькавыя тэмпы галасавання ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. Менш актыўныя жыхары сталіцы, Брэсцкага і Гродзенскага рэгіёнаў. Аднак сітуацыя па выніках трэцяга дня можа памяняцца. Як раз гэтымі хвілінамі ў выбарчых камісіях падлічваюць вынікі трэцяга дня датэрміновага галасавання. 

Адзначым, па ўсёй краіне працуе каля шасці тысяч выбарчых участкаў. Кожны, хто не можа прыйсці 17 лістапада, можа выбраць свайго кандыдата да суботы ўключна.



Тэгі:

#Выборы 2019