Лідзія Ярмошына: Галоўная палітычная кампанія пройдзе ў асаблівых умовах

8 мая 2020
Адной з галоўных тэм сённяшняй інфармацыйнай стужкі стала навіна аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў. Яны пройдуць 9 жніўня. Дэпутаты сёння аднагалосна падтрымалі прапановы Цэнтрвыбаркама на пазачарговым пасяджэнні сесіі. Паводле Канстытуцыі, прэзідэнта краіна заўсёды выбірае ў нядзельны дзень. Абавязкова не пазней як за два месяцы да завяршэння паўнамоцтваў (яны мінаюць 6 лістапада). Пераносіць тэрміны выбарчай кампаніі можна толькі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Таму магчымасць ссунуць яе на пазнейшыя даты не разглядалася. Пры гэтым арганізатары ўлічаць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. Усіх удзельнікаў забяспечаць індывідуальнымі сродкамі абароны. Вольга Анішчанка – пра тое, чаму кіраўнік ЦВК назвала цяперашнюю палітычную кампанію асаблівай і якія меры прымуць упершыню за ўсю гісторыю выбараў у краіне. 

9 жніўня - выбары прэзідэнта Беларусі

Такім чынам, сёння фактычна дадзены старт новай выбарчай кампаніі. Сёлета мінаў тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта (як і парламента). Але каб не праводзіць у адзін год адразу дзве выбарчыя кампаніі, вырашана было іх развесці. Нагадаем, дэпутатаў і сенатараў Беларусь выбрала напрыканцы мінулага года. Пры гэтым прэзідэнцкія выбары ссоўваць на больш ранні час не сталі, вытрымаўшы ўсе заканадаўчыя тэрміны. А паколькі, паводле Канстытуцыі, гэтыя выбары павінны прайсці да канца лета, а на іх падрыхтоўку яшчэ спатрэбіцца як мінімум тры месяцы, рашэння аб прызначэнні даты выбараў у краіне зачакаліся.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама з трыбуны Авальнай залы прыводзіць аргументы. Калі ўлічыць патрабаванні закона, адкінуць час на падрыхтоўку кампаніі, у запасе толькі чатыры выхадныя жніўня. Але ці варта ў апошні вагон? Бо прэзідэнта выбіраюць у два туры. І калі першы ў тэрміны патрапіць, то магчымы другі выйдзе за рамкі, абумоўленыя ў галоўным законе. 

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Перанясенне выбараў на апошнюю магчымую нядзелю можа пацягнуць папрокі ў тым, што ўлада ўжо з самага пачатку плануе завяршыць выбары ў першым туры. І нават не прадугледжвае магчымасць правядзення галасавання праз два тыдні".

Крыху раней? Таксама спрэчна. Важна завяршыць гэтую кампанію на выпадак зноў жа другога тура менавіта да пачатку восені. Лічы, да старту навучальнага года. Бо выбарчыя ўчасткі, як правіла, арганізаваныя ў школах. А ім пасля наведвання выбаршчыкамі ва ўмовах пандэміі трэба прайсці поўную апрацоўку да пачатку заняткаў. А дата 9 жніўня дазволіць пазбегнуць любых магчымых нязручнасцяў у арганізацыі гэтай кампаніі. Парламент падтрымаў прапановы ЦВК, тым самым прызначыўшы датай выбараў другую нядзелю жніўня. 

Галоўная палітычная кампанія пройдзе ў асаблівых умовах

А ў цэлым галоўную палітычную падзею года старшыня ЦВК назвала асаблівай. Пандэмія занесла карэктывы. Бо жнівень - адпускная пара, калі многія плануюць паездкі. Але толькі не сёлета. 

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Выбаршчыкі ўсе будуць знаходзіцца ў краіне. І нават калі яны будуць у гэты перыяд адпачываць, то мы дадзім усім магчымасць, каб яны прагаласавалі па месцы адпачынку. Студэнтам мы дадзім магчымасць прагаласаваць па месцы пражывання іх пастаяннага. Г.зн. там, дзе яны будуць знаходзіцца ў бацькоў. Людзям, якія будуць знаходзіцца на дачах, мы таксама дадзім магчымасць прагаласаваць у сельсаветах, у сельскіх участковых выбарчых камісіях. Там, дзе знаходзяцца іх дачныя дамкі. Вядома, з адпаведным паведамленнем па пастаянным месцы жыхарства і выключэннем іх са спісаў у гарадах". 

ЦВК зацвердзіў каляндарны план выбараў-2020

І сёння ж Цэнтрвыбаркам зацвердзіў каляндарны план гэтай палітычнай кампаніі. Дарэчы, упершыню пасяджэнне прайшло без прэсы, але з магчымасцю назіраць анлайн на сайце камісіі.

Так, патэнцыяльныя кандыдаты з панядзелка і да канца наступнага рабочага тыдня могуць падаваць заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Збор подпісаў стартуе яшчэ праз тыдзень, 21 мая. І падоўжыцца амаль месяц. Затым дакументацыю правераць на сапраўднасць. Рэгістрацыя кандыдатаў пачнецца 5 ліпеня. З моманту завяршэння адкрыюць агітацыю за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. Яна падоўжыцца аж да дня выбараў, 9 жніўня. 

Кандыдату ў прэзідэнты трэба набраць не меней за 100 000 подпісаў


Усім патэнцыяльным кандыдатам, калі яны хочуць працягнуць барацьбу, як і раней, неабходна запісаць сабе ў актыў не меней за 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. Ва ўмовах цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі, ды і ў цэлым рэалій жыцця (людзі сёння неахвотна пускаюць дахаты), магчыма, так, гэта будзе складана, пагадзілася кіраўнік ЦВК. Але тым, хто нацэлены на вынік, і пандэмія не перашкода.
 

Галоўная палітычная кампанія пройдзе ў асаблівых умовах

Усе ўдзельнікі цяперашняй палітычнай кампаніі будуць працаваць паводле новых правіл бяспекі. У тым выпадку калі Міністэрства аховы здароўя не адменіць свае рэкамендацыі. Гэта датычыцца нашэння масак і пальчатак. Грубыя парушэнні могуць пацягнуць нават адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў, зважае ЦВК. 

Меры засцярогі датычацца і назіральнікаў. Але пакуль толькі нацыянальных. У цяперашніх рэаліях гаварыць аб прыездзе міжнародных экспертаў у Цэнтральнай камісіі палічылі заўчасным. 


Тэгі:

#Выборы 2020