Трэці саміт Усходняе партнёрства завяршыўся ў Вільнюсе

29 ноября 2013

Удзел у пасяджэннях прыняла беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем. Як прызнаўся кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, ад гэтай сустрэчы вялікіх прарываў не чакалі. Тым не менш саміт меў свае сюрпрызы. Уладзімір Макей афіцыйна заявіў пра гатовасць беларускага боку пачаць перамовы з ЕС наконт падпісання дамоў аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі. Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:


Гэты саміт быў вельмі важны з пункта погляду яго пазітыўнай атмасферы. Таму што сама гэтая атмасфера стварае магчымасць для прыняцця далейшых крокаў, накіраваных на нармалізацыю адносін з ЕС, і нават на далейшае паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва. Беларусь гатовая пачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і па рэадмісіі. Прэзідэнт, калі даваў адпаведнае ўказанне, зыходзіў менавіта з таго, што гэта пойдзе на карысць пэўнаму чалавеку і грамадзянам нашай краіны.


Разам з тым Уладзімір Макей падкрэсліў адданасць Мінска інтэграцыйным працэсам у рамках Мытнага саюза і выказаў сваё меркаванне аб тым, што недапушчальна ператвараць Усходняе партнёрства ў яблык разладу. Міністр таксама адзначыў важнасць рэалізацыі беларускай ідэі інтэграцыі інтэграцый. Гаворка ідзе пра будаванне агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока і эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж ЕС і Мытным саюзам.