Беларусь на саміце прадстаўляе прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Сёння кіраўнікі ўрадаў падпісалі адзін з дакументаў аб ходзе рэалізацыі палажэнняў дагавора аб зоне свабоднага гандлю. Далейшае здыманне гандлёвых бар'ераў паміж удзельнікамі - неабходная ўмова для эканамічнага росту і развіцця ўзаемнага гандлю. За апошнія некалькі гадоў адзначаецца пазітыўная дынаміка. Шэраг краін адмяніў абмежавальныя тарыфныя квоты і пошліны на імпарт некаторых тавараў.
Кіраўнік беларускага ўрада сёння таксама правёў перамовы са сваім узбекскім калегам Абдулой Арыпавым. Бакі абмеркавалі актывізацыю двухбаковага ўзаемадзеяння. Як падкрэсліў прэм'ер-міністр Узбекістана, значную дынаміку супрацоўніцтву ва ўсіх кірунках павінен надаць візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкент у наступным годзе. У падрыхтоўцы сустрэчы на вышэйшым узроўні прэм'еры абмеркавалі план сумеснай працы. На сустрэчы таксама ішла размова аб падрыхтоўцы да правядзення пасяджэння беларуска-ўзбекскай міжурадавай камісіі.













