Свежыя звесткі аб выніках галасавання ў прамым уключэнні з інфармацыйнага цэнтра ў Палацы Рэспублікі

18 ноября 2019

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання адбыліся. Уначы Цэнтрвыбаркам падвёў папярэднія вынікі народнага галасавання. Вядома, камісіі спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён, каб сфарміраваць канчатковую карціну з лічбаў, аднак сур'ёзна яна ўжо не памяняецца. Зрэшты, як і ўчора, самыя свежыя звесткі сцякаюцца ў інфармацыйны цэнтр у Палацы Рэспублікі, дзе працуюць і мае калегі.

На сувязі са студыяй наш палітычны аглядальнік Аляксей Волкаў (прамое ўключэнне).

Учора дзень выдаўся насычаны лічбамі і падзеямі. А зараз я магу сказаць, што, сапраўды, асноўная частка выбараў у парламент - 2019 ужо гісторыя. Так што ўпэўнена можам гаварыць, што беларусы прачнуліся з новым парламентам сёмага склікання. Ён ужо 6 снежня збярэцца на першую сесію, як і Савет Рэспублікі.

Цэнтрвыбаркам рапартуе аб высокай яўцы - амаль семдзесят восем працэнтаў выбаршчыкаў. Прычым па краіне - зрэз без вялікіх правалаў і статыстычных перагібаў, так што выбары адбыліся ва ўсіх ста дзесяці выбарчых акругах. Мы, вядома, пералічваць усіх уладальнікаў заканадаўчага мандата не будзем, але гэтай ноччу Цэнтрвыбаркам апублікаваў увесь спіс новаабраных дэпутатаў. Сярод іх і медыйныя асобы, да прыкладу, старшыня "Белай Русі" Генадзь Давыдзька, Міс Беларусь Марыя Васілевіч. У новы склад увайшлі дыпламат Андрэй Савіных, экс-міністр інфармацыі Лілія Ананіч і Валерый Міцкевіч - ён займае пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Раней сваю ацэнку кампаніі-2019 дала і Лідзія Ярмошына. Вось што яна сказала (відэа).

Работа Цэнтрвыбаркама фактычна завяршылася толькі некалькі гадзін таму, а ўжо ў дзесяць раніцы чакаем новай інфармацыі на прэс-канферэнцыі Лідзіі Ярмошынай. Дарэчы, засталіся задаволеныя выбарамі і міжнародныя назіральнікі. Спецыялісты ацанілі высокую палітычную культуру і годную арганізацыю выбарчага працэсу. А іх, нагадаем, было звыш тысячы - гэта СНД, ПАСЕ і БДІПЧ АБСЕ, зрэшты, не будзем спяшацца, бо і назіральнікі сёння ў інфацэнтры таксама пагутараць з прэсай.

Словам, выбары прайшлі, а расказаць і, галоўнае, паказаць ёсць што. Мы працягваем свой інфармацыйны дазор у Палацы Рэспублікі. І ўжо на наступныя эфіры рыхтуем самыя свежыя падрабязнасці.


Тэгі:

#Выборы 2019