Стратэгія інтэграцыі на 5 гадоў і эканоміка пасля пандэміі. Саміт ЕАЭС прайшоў у анлайн-фармаце

19 мая 2020
Эканоміка і развіццё Еўразійскага саюза падчас і пасля пандэміі  ў рамках маштабнай стратэгіі на наступныя 5 гадоў. Як адысці ад пратэкцыянізму, стварыць роўныя ўмовы на агульных рынках і запусціць новыя праекты, нягледзячы на крызіс.

Менавіта гэтыя тэмы былі сёння ў цэнтры ўвагі "саюза пяці плюс Малдова" на саміце, які ўжо другі раз сёлета адбыўся ў фармаце відэаканферэнцыі. 

На мінулай віртуальнай сустрэчы месяц таму палітыкі абмяркоўвалі меры барацьбы з пандэміяй і аднаўлення эканомік у эпоху посткаранавіруса. Тэма засталася актуальнай, хоць Беларусь як краіна-старшыня дадала глыбіні і перспектывы ў кожнае пытанне. Стратэгія выйшла комплексная, хоць і не бясспрэчная. Якія тэмы выклікалі дыскусіі, аб чым удалося дамовіцца - наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў. 

Саміт Еўразійскага саюза - анлайн-фармат 


Сучасныя тэхналогіі камунікацыі добрыя, але замяніць асабістыя зносіны і асабістую хімію ў адносінах палітыкаў пакуль не могуць. У гэтым пераканаліся і простыя грамадзяне Еўразійскага саюза, якія засумавалі па жывой гутарцы ў каранціне і самаізаляцыі. Гэты факт сёння наглядна выявіўся і на вышэйшым узроўні. Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет у рэжыме відэаканферэнцыі паставіў больш пытанняў, чым даў адказаў. Эксперты мяркуюць, што прайдзі саміт вочна,  лідары "пяцёркі" змаглі б знайсці развязкі і кампрамісы па ўсіх пытаннях.

Звыклы фармат такіх самітаў -  вузкі, затым шырокі склады. Спачатку лідары знаходзяць кампраміс сам-насам, потым дапрацоўваюць дэталі з дэлегацыямі. Анлайн дабіцца патрэбнага яднання і даверу амаль немагчыма - гаворыш з экранам і праз экран. Яшчэ і таму Аляксандр Лукашэнка як Старшыня Вышэйшага савета прапануе два склады аб'яднаць. А значыць, прэзідэнта Малдовы (краіны-назіральніка) і членаў дэлегацый адразу акунуць у парадак дня на вышэйшым узроўні (відэа).

Год старшынства Беларусі ў ЕАЭС 


Старшынства Беларусі выпала на самы складаны за апошнія 10 гадоў для рэгіёна і свету. Пандэмія, перадзел рынкаў і будучы эканамічны крызіс. Прэзідэнт падкрэслівае - запасу трываласці не хапае нават звышдзяржавам. А значыць, унутры саюза трэба падтрымаць АПК і прамысловасць, прычым не за кошт саюзнікаў. Рэцэпты аднаўлення прапісаныя ў праекце стратэгіі да 2025 года. Гэта найважнейшы дакумент, які разбіралі сёння. 

Стратэгія інтэграцыі да 2025 года ў рамках ЕАЭС 


Контуры стратэгіі апіша кіраўнік Еўразійскай камісіі. Логіка такая - скласці намаганні саюзнікаў, каб хутчэй выбрацца з пандэміі, пераадолець яе наступствы і змякчыць удар па эканоміцы і ўзроўні жыцця людзей ва ўмовах крызісу.

Міхаіл Мясніковіч,  старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (відэа).

Актывізацыю Еўразійскага саюза пад беларускім старшынствам складана не заўважыць. З трох сотняў спрэчных пытанняў засталася ўсяго пара. Саюзнікі мэтанакіравана пачынаюць працаваць разам у новым тэхналагічным укладзе. А гэта і космас, і актуальныя медыцынскія распрацоўкі, лічбавізацыя і рэгулятары з мытняй у адным смартфоне. Пад жывую стратэгію знайшліся і рэсурсы - Еўразійскія банк развіцця і фонд плюс фінансавы цэнтр Астана гатовыя фінансаваць новыя праекты. Важна, што Мінск укладвае ў саюз не толькі праекты, але і гісторыю поспеху. Спачатку ўдалося ажывіць СНД і наш ваенны блок - АДКБ, дзе старшынствавала Беларусь. 

Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расіі (відэа).

Мейнстрым стратэгіі падзяляюць усе дзяржавы, але з агаворкамі. Напрыклад, Казахстан не адабрае пашырэнні паўнамоцтваў камісіі за кошт свайго суверэнітэту. Нядрэнна, калі наднацыянальны орган вырашае спрэчкі і кансультуе, але не задавальняе, што камісія ўвойдзе ў такія тонкія сферы,  як медыцына, адукацыя і турызм. Плюс зможа весці міжнародныя перамовы ад імя ўсіх саюзнікаў. 

Касым-Жамарт Такаеў, Прэзідэнт Казахстана (відэа).

Роўныя ўмовы па газе  як камень спатыкнення 


Зрэшты, галоўны камень спатыкнення  паміж саюзнікамі - гэта агульны  энергетычны  рынак. У прыватнасці, па газе. Расія адкладвае рашэнне да 2025 года. Ды і пасля няма ўпэўненасці, што цэны на транспарціроўку (а гэта 70 % кошту)  будуць лічыцца для саюзнікаў па адзінай формуле. Газавы складальнік ёсць амаль у кожным саюзным тавары: беларускім трактары, армянскім каньяку і гародніне, металах з Кыргызстана. А значыць яны апрыёры дыскрымінуюцца на фармальна адзіным рынку. Як канкураваць, калі адзін і той жа газ для Беларусі ўтрая даражэйшы, чым у суседнім Смаленску, і каштуе напалову больш, чым у Заходняй Еўропе?

Лагічна, што самыя вострыя ацэнкі прагучалі менавіта па газавай тэме. 

Нікол Пашынян, прэм'ер-міністр Арменіі (відэа).

Сааранбай Жэенбекаў, Прэзідэнт Рэспублікі Кыргызстан (відэа).

Расія адкладвае рашэнне, спасылаючыся на адчувальнасць пытання. Прапаноўвае складаныя надбудовы і разавыя скідкі ў абмен на сустрэчныя саступкі. Адсюль неразуменне саюзнікаў. 

Чаму менавіта газ павінен вянчаць інтэграцыю, а, напрыклад, не тарыфы, дзе партнёры ўжо пайшлі насустрач Маскве? Чаму з боку Расіі няма жадання прапісаць роўныя ўмовы ў стратэгіі, калі ў базавых пагадненнях яны ўжо ёсць, проста не выконваюцца? 

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь (відэа).

Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі (відэа).

Назіральнікі ў ЕАЭС


Яшчэ адно пытанне, дзе  спатрэбіцца дадатковая работа,  - статус Кубы як назіральніка ў Саюзе. Стаўленне да Вострава свабоды ва ўсіх лідараў  больш чым сяброўскае. Але саюзнікі хочуць дэталёва растлумачыць афіцыйнай Гаване, што адабрэнне  заяўкі - гэта не толькі права і бонусы, але і сустрэчныя абавязацельствы. Дарэчы, Малдова, ужо назіральнік у Еўразійскім саюзе, прапаноўвае прапрацаваць менавіта гэтае пытанне на сваім вопыце.

Ігар Дадон, Прэзідэнт Рэспублікі Малдова (відэа).

Пытанні, вырашаныя ў саюзнай логіцы


У адрозненне ад першых двух пунктаў парадку дня наступныя восем не выклікалі рознагалоссяў. Абапіраючыся на саюзную логіку, лідары ўдакладнілі механізм фарміравання Еўразійскай камісіі. Прынялі ўзгодненыя арыенціры макраэканамічнай стабільнасці на  два гады наперад. Адкарэкціравалі пытанне падатку  на дабаўленую вартасць для свабодных эканамічных зон і тэму кабатажных перавозак. Гэта калі,  напрыклад,  беларус перамяшчае тавары ўнутры адной з саюзных краін. Плюс пастаянныя тэмы: добрасумленная канкурэнцыя і рэгуляванне натуральных манаполій (відэа). 


Наступны саміт ЕАЭС  у Мінску


І яшчэ адно  пытанне,  прынятае агульнай згодай. Наступны саміт на вышэйшым узроўні запланаваны ў кастрычніку-лістападзе ў Мінску. Прычым Прэзідэнт Беларусі разлічвае на вочны фармат. Новыя тэхналогіі  добра, але традыцыйная для еўразійскай прасторы інтэграцыя ўсё ж лепш прасоўваецца ў традыцыйным фармаце - твар у твар.