Старт выбарчай кампаніі ў Беларусі праходзіць вельмі актыўна

13 июля 2016

Сёння гэта заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама ў Магілёве на семінары-нарадзе.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэтая выбарчая кампанія адрозніваецца ад іншых. Уведзена прамежкавае звяно - абласныя выбарчыя камісіі, якія ажыццяўляюць кіраўніцтва і каардынацыю работы ўчастковых выбарчых камісій. Наперадзе ў іх вельмі вялікая праца. Як адзначыла Лідзія Ярмошына, першы і самы адказны этап - гэта разгляд скаргаў, якія абавязкова паступяць пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "У суды былі пададзеныя 9 скаргаў, якія датычыліся парушэнняў па фарміраванні акруговых выбарчых камісій. Па ўсіх скаргах вынесеныя адмоўныя рашэнні. Суды прызналі, што ўтварэнне выбарчых камісій праведзена з выкананнем патрабаванняў выбарчага заканадаўства".

Абласныя выбарчыя камісіі будуць курыраваць усю работу ўчастковых выбарчых камісій, у тым ліку звязваць працу выбаркамаў і ЦВК.