Саюзны перагаворны марафон пачаўся з сустрэчы лідараў Беларусі і Расіі

25 февраля 2016

І пачынаем выпуск з галоўнай падзеі не толькі гэтага дня, але і ўсяго тыдня. Мінск сёння прымае пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Саміт пройдзе з удзелам лідараў Беларусі і Расіі. Борт Уладзіміра Пуціна прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск каля дзвюх гадзін дня. І літаральна некалькі хвілін таму картэж з расійскім лідарам прыбыў у Палац Незалежнасці. Менавіта ён стаў пляцоўкай для перамоў. Правесці пасяджэнне ў Мінску прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Папярэдні Дзяржсавет праходзіў у Маскве ў сакавіку 2015. А апошняя сустрэча двух лідараў адбылася ўсяго тры тыдні таму. З самой раніцы ў Палацы Незалежнасці працуюць карэспандэнты Агенцтва тэленавін.

І зараз на прамую сувязь са студыяй выходзіць мой калега Аляксей Адашкін. Саюзны перагаворны марафон у Палацы Незалежнасці пачаўся з сустрэчы лідараў Беларусі і Расіі. У гэтыя хвіліны праходзіць гутарка Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна сам-насам. Чакаецца, што прэзідэнты абмяркуюць далейшае развіццё беларуска-расійскіх адносін, а таксама разгледзяць актуальныя міжнародныя пытанні. Можна выказаць здагадку, што кіраўнікі дзяржаў закрануць такія тэмы, як сітуацыя ва Украіне, канфлікт у Сірыі, замарозка расійска-турэцкіх адносін, еўрапейскія абмежаванні ў дачыненні да Масквы. Бо ўсе гэтыя праблемы так або інакш адбіваюцца і на нашых двухбаковых адносінах.

Расійскі прэм'ер-міністр прыляцеў у Мінск прыкладна дзве гадзіны таму. Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі да пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета, што называецца, зверылі гадзіннікі і прайшліся па спісе найболей адчувальных пытанняў у двухбаковых адносінах. Акрамя таго, Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў абмеркавалі бягучую сітуацыю ў эканоміцы, фінансавае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы энергетыкі. Што тычыцца непасрэдна Вышэйшага дзяржсавета. Парадак дня сённяшняй сустрэчы ў Палацы Незалежнасці насычаны. Праграма ўключае ў сябе больш як дзясятак пытанняў. Яны закранаюць увесь спектр дзейнасці Саюза. І беларуская, і расійская эканомікі зараз перажываюць няпростыя часы. Гэта адбіваецца і на ўзаемным тавараабароце, які летась істотна знізіўся. Аднавіць узровень узаемадзеяння - гэта, мабыць, адна з галоўных мэт сённяшніх перамоў у Палацы Незалежнасці.

Адна з цэнтральных тэм для абмеркавання на ВДС - гэтае зацвярджэнне Саюзнага бюджэту на 2016 год, а таксама падвядзенне вынікаў года мінулага. 6 мільярдаў 600 мільёнаў расійскіх рублёў. Менавіта столькі мяркуецца залічыць у казну інтэграцыйнага ўтварэння сёлета. Значная частка гэтай сумы пойдзе на фінансаванне сямі праграм Саюзнай дзяржавы. Прадугледжаны і грошы для запуску чатырох новых сумесных праектаў. Яны ўключаюць распрацоўкі ў сферы космасу, нанатэхналогій, чыгуначнага транспарту і сістэм бяспекі.

На леташнім Вышэйшым дзяржсавеце ў Маскве краіны прынялі сумесную антыкрызісную праграму. У ёй прапісаны механізмы ўзгодненай макраэканамічнай, прамысловай, фінансавай палітыкі і зняцце бар'ераў ва ўзаемным гандлі. Сёння ў Мінску бакі маюць магчымасць унесці неабходныя карэктывы ў агульную эканамічную стратэгію.