Супрацоўніцтва па лініі Беларусь - Узбекістан абмяркуюць сёння на вышэйшым узроўні

1 августа 2019
Актывізацыя палітычных і эканамічных сувязяў стане цэнтральнай тэмай у Палацы Незалежнасці, дзе пройдзе сустрэча кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. Нагадаем, учора ў Мінск з афіцыйным візітам прыбыў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Падрабязнасці будучых перамоў даведаемся ў нашага карэспандэнта Веранікі Буты. Яна на прамой сувязі са студыяй. 

Хайрлі тонг! Прывітанне ў тым ліку і на ўзбекскай мове праз гадзіну-паўтары мы пачуем тут, у зале ўрачыстых цырымоній, якая знаходзіцца за маёй спінай. Але адразу хачу адзначыць, непаразумення або цяжкасцяў перакладу на гэтых перамовах не прадбачыцца: Прэзідэнт Узбекістана выдатна гаворыць па-руску, як і большасць членаў афіцыйнай дэлегацыі. І гэта значна спросціць працу перакладчыкаў. Бо перагаворны дзень, судзячы па папярэдняй праграме, абяцае быць вельмі насычаным.

Эканамічныя і палітычныя сувязі падмацоўваюцца сапраўды шчырым сяброўствам прэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў, не чакаючы афіцыйных пратакольных мерапрыемстваў, пагутарылі ўчора нефармальна, "без гальштукаў" - сустрэча прайшла ў дзяржаўнай рэзідэнцыі "Заслаўе".  А менавіта ў альтанцы, якую ў свой час беларускаму лідару прэзентаваў менавіта яго калега з Узбекістана.

Да сённяшняй сустрэчы высокага госця (ужо згодна з пратаколам) таксама ўсё гатова. Так, перш у атрыуме Палаца Незалежнасці свайго калегу асабіста сустрэне Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго пачнецца афіцыйная цырымонія, усё, як мяркуе пратакол: чырвоная дарожка, рота ганаровай варты і гімны дзвюх краін. Затым абавязковае фатаграфаванне, перамовы прэзідэнтаў у фармаце адзін на адзін, далей і з удзельнікамі дэлегацый. У прыярытэце гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і рэалізацыя пэўных дамоўленасцяў.

У тым ліку і тых праектаў, пра якія ішла размова на гэтым тыдні. Бо каб гутарка на вышэйшым узроўні атрымалася найболей, скажам, прыкладной,  найболей дзейснай, урад, бізнес і парламентарыі ўжо правялі ў гэтыя дні некалькі раўндаў перамоў: і на палях І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, і на палях выставы нацыянальнай прадукцыі Узбекістана. У выніку маем: амаль тры дзясяткі пагадненняў, у рабоце больш за 20 кантрактаў. Так, мы плануем пабудаваць у наступным годзе ва Узбекістане малочнатаварны комплекс. У планах - асвоіць зборку сельгастэхнікі. Напрыклад, Бабруйскаграмаш склаў пагадненне аб паглыбленай кааперацыі - размова ў перспектыве аб адной тысячы адзінак тэхнікі за год. МАЗ паставіць партнёрам 80 сваіх машын. У распрацоўцы на 2020 сумесныя тэкстыльныя і фармацэўтычныя кантракты.

Гэта нядрэнны зачын, каб рэалізаваць раней вызначаны план - па выніках года наблізіцца да паўмільярда долараў тавараабароту. Пасля таго як усе новыя дамоўленасці замацуюць подпісамі, прэзідэнты разам плануюць наведаць узбекскую выставу, пра якую я раней сказала. Дарэчы, яе арганізатарам сапраўды атрымалася прывезці ў Мінск кавалачак Ташкента: у Белэкспа вельмі каларытныя павільёны. Далей дэлегацыю з Узбекістана чакаюць у Парку высокіх тэхналогій. Бо нашы госці даўно цікавіліся беларускімі поспехамі ў IT-сектары. Праграма вельмі насычаная, і сёння складана паверыць, што паміж краінамі не было інтэнсіўных кантактаў больш як 20 гадоў.