Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі сёння будуць абмяркоўваць у Сочы

7 февраля 2020
Плануецца, што там пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Наш Прэзідэнт напярэдадні прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. На парадку дня - пытанні інтэграцыі і эканомікі. У тым ліку - у няпростым нафтагазавым сектары. Чаго чакаць ад маючых адбыцца  перамоў, да якіх прыкавана вялізная ўвага,  даведаемся ў нашага палітычнага аглядальніка Наталлі Брэвус.


Запланаваныя перамовы Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі


Яшчэ ў пачатку тыдня наш Прэзідэнт, гаворачы пра маючыя адбыцца  сочынскія перамовы, выказаўся так:  "Настаў  нейкі момант ісціны". Зразумела чаму сказана менавіта так. Паміж Мінскам і Масквой ёсць блок пытанняў, па якім трэба знаходзіць канчатковыя развязкі. Гаворка, перш за ўсё,  аб пастаўках вуглевадародаў.  Анансуючы візіт, Аляксандр Лукашэнка зрабіў невялікую, але важную рэмарку. Беларусь як выбудоўвала з расіянамі цёплыя і сяброўскія адносіны, так жадае выбудоўваць і надалей, нягледзячы на ўсе супярэчнасці.

Папярэдні год стаў вельмі насычаным па кантактах лідараў Беларусі і Расіі - толькі ў снежні бачыліся двойчы ў Сочы і Піцеры, стэлефаноўваліся, абмяркоўваючы агульны парадак дня. Яшчэ часцей сустракаўся беларуска-расійскі ўрадавы пул. Бо менавіта яму было даручана працаваць над праграмай паглыбленай інтэграцыі. Беларусь гатова збліжацца ў эканоміцы, захоўваючы пры гэтым суверэнітэт і незалежнасць. Вось такая простая і зразумелая пазіцыя Мінска. Не па ўсіх двухбаковых пытаннях атрымалася прыйсці да кансенсусу. Рознагалоссі на "вуглевадароднай глебе" ўзнікаюць рэгулярна ў апошнія гады, нягледзячы на, здавалася б, пэўныя ўзаемныя абавязацельствы. Добра што  агульнасаюзныя інтарэсы заўсёды бралі верх над вузкакарпаратыўнымі.


Рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Расію


За два дзесяцігоддзі саюзных адносін Мінску і Маскве атрымоўвалася знаходзіць агульную мову, нягледзячы ні на што. Эксперты лічаць: сёння ад гэтага залежыць  лёс інтэграцыі і будучыня Саюзнай дзяржавы.

Андрэй Савіных, старшыня Пастаяннай  камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Гэтая сустрэча мае прынцыповае значэнне, але акрамя ўрэгулявання наяўных энергетычных праблем, я ўпэўнены, што яна вызначыць таксама траекторыю інтэграцыйнага развіцця нашых краін на найбліжэйшыя 5, 10, 15, 20 гадоў, а можа быць і назаўжды. Галоўнае пытанне, на якое гэтая сустрэча можа даць адказ: застанецца і Еўразійскі эканамічны саюз пераважна саюзам сыравінных дзяржаў, або ж ён стане прывабным для краін перапрацоўчых, такіх як Рэспубліка Беларусь. Адказ на гэтае пытанне, вядома, носіць фундаментальны характар".


У Сочы абмяркуюць пытанні беларуска-расійскага парадку дня

У студзені Масква была сканцэнтраваная перш на ўнутраных пытаннях,  бо новы год для Расіі пачаўся з сур'ёзнай змены ўрада. Зразумела, што гэта паставіла на невялікую паўзу "саюзную размову". Хочацца  спадзявацца, што такія перамены ў расійскім істэблішменце не стануць дадатковай перашкодай  і не прыйдзецца дзесьці пачынаць зноў.

Дарэчы, цяперашнія перамовы паміж сабою журналісты назвалі "Сочы-2",  разумеючы, што гэтая сустрэча стане працягам дыялогу ўрадаў вядома, але,  першым чынам,  лідараў краін.