Наведаць Кітай без віз уладальнікі звычайных пашпартоў змогуць арыенціровачна ў кастрычніку-лістападзе. Як заявілі ў МЗС, дакладнай даты пачатку работы пагаднення пакуль няма. Бо спачатку парламенты павінны ратыфікаваць дакумент, затым ідзе абмен нотамі, і толькі праз 30 дзён, ён запрацуе.
Нагадаем, міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме было падпісана напярэдадні ў Цындаа па выніках перамоў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Дакумент адкрые новыя магчымасці для супрацоўніцтва не толькі ў сферы турызму, але і ў гандлі, культуры, адукацыі і іншых галінах.
Сёння ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым для арганізаваных турыстычных груп з Кітая, таксама кітайскія грамадзяне пры наяўнасці шэнгенскіх віз могуць скарыстацца 5-дзённым бязвізавым рэжымам.













