Лідары Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі абмяркуюць развіццё інтэграцыі і ўмацаванне ўзаемадзеяння ў розных кірунках. Наш аглядальнік Ілона Красуцкая ўпэўнівае: за сталом перамоў мы ўбачым нязвыклую “еўразійскую пяцёрку”.
Так, сапраўды, сённяшні саміт ЕАЭС у Сочы гарантуе мноства інфармацыйных падстаў. Яшчэ задоўга да пачатку гэтае мерапрыемства выклікала асаблівую цікавасць журналістаў. Па-першае, сам фармат: лідары “еўразійскай пяцёркі” гэтым разам сканцэнтруюцца толькі на стане і перспектывах інтэграцыі. А вось раней саміт нярэдка сумяшчалі з іншымі пасяджэннямі СНД або АДКБ.
За сталом перамоў мы ўбачым стваральнікаў аб'яднання - лідараў Беларусі, Расіі і Казахстана. Але будуць і пачаткоўцы - зусім нядаўна абраны прэм'ер Арменіі. Візіт у Сочы стане для яго першым замежным. Упершыню на саміт ЕАЭС прыедзе і лідар Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў. Новага прэзідэнта гэтая краіна выбрала ў лістападзе мінулага года. Зрэшты, віншаваць палітыкі, напэўна, будуць і свайго калегу Уладзіміра Пуціна, яго інаўгурацыя адбылася тыдзень таму. Але сёння ў Сочы мы ўбачым яшчэ аднаго прэзідэнта - лідара Малдовы Ігара Дадона. Краіна на саміце прысутнічае ў якасці ганаровага госця. І, магчыма, сёння першай атрымае статус назіральніка пры ЕАЭС. Расія як краіна - старшыня ў інтэграцыйным аб'яднанні прапанавала насычаны парадак дня. У вузкім і пашыраным фарматах палітыкі абмяркуюць каля двух дзясяткаў пытанняў. Гэта развіццё супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы, лічбавай эканоміцы, сацыяльнай палітыцы. Мяркуецца ўзгадніць далейшыя планы ў паглыбленні эканамічнай інтэграцыі і лібералізацыі агульнага рынку тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы.
Як вядома, саміты - гэта яшчэ выдатная пляцоўка для двухбаковых сустрэч.
Адны з самых чаканых - перамовы кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтам Расіі. Грунтоўна тэт-а-тэт лідары не размаўлялі год. Графік нашага Прэзідэнта вельмі насычаны. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага лідара, акрамя таго магчыма некалькі двухбаковых сустрэч.













