Швецыя пашырае супрацоўніцтва з Беларуссю

1 июля 2015

Пра гэта заявіў намстаршыні ПА АБСЕ, кіраўнік шведскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Кент Харстэд па выніках сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Паводле яго слоў, Швецыя ўспрыняла сігнал Прэзідэнта Беларусі пра жаданне палепшыць адносіны.

Кент Харстэд, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ: "Перад тым як выехаць у Беларусь, я абмяркоўваў гэты сігнал, які быў на мінулым тыдні з боку Прэзідэнта Беларусі, наконт усталявання добрых адносін са Швецыяй. Шведскі міністр замежных спраў папрасіў мяне перадаць, што гэты сігнал атрыманы. Швецыя хацела б убачыць такое развіццё адносін. Мы таксама хацелі б, каб адносіны з Беларуссю пашыраліся і паглыбляліся".

Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу, што ў 2010 тавараабарот Беларусі і Швецыі склаў $307 млн, а летась толькі каля $177 млн. Згодна з яго словамі, візіт Кента Харстэда надасць дадатны імпульс супрацоўніцтву.