Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва

21 сентября 2018

Папярэднічала перамовам лідараў Беларусі і Расіі сустрэча прэм'ер-міністраў. Напярэдадні пасяджэння на вышэйшым узроўні з удзелам урадаў дзвюх краін Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў яшчэ раз абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі:

"Я удзячны Вам, што Вы знайшлі час сёння сустрэцца, каб мы маглі прадоўжыць абмеркаванне тых пытанняў, якое мы пачалі падчас нашых тэлефонных перамоў. Нашы намеснікі працавалі ў гэты час па пытаннях, якія яны курыруюць. І Ваша прапанова аб тым, што група высокага ўзроўню павінна быць каардынатарам усіх пытанняў, ужо сёння ўвасабляецца. Ігар Петрышэнка далажыў мне, што група ўжо працуе. І новы пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч ужо таксама ўключыўся ў гэтую працу".

Дзмітрый Мядзведзеў, Старшыня ўрада Расіі:

"Сітуацыя нядрэнная, назіраецца рост тавараабароту як па выніках 2017, так і ў 2018. Пры гэтым рост паставак адзначаецца з абодвух бакоў. Але ёсць пытанні, якія заўсёды ўзнікаюць, у тым ліку ў сферы энергетычнага супрацоўніцтва і ў іншых галінах".

Дзмітрый Мядзведзеў таксама яшчэ раз асабіста павіншаваў Сяргея Румаса з прызначэннем на пасаду прэм'ер-міністра, пажадаўшы яму поспехаў у гэтай адказнай працы.