Сёння ў Сочы адкрыўся форум Беларусі і Расіі

17 сентября 2015

Ужо заўтра ў ім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў. Нагадаем, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўжо знаходзіцца ў алімпійскім горадзе. Зрэшты, ужо ў чацвер у Сочы быў насычаны і прадукцыйны дзень. Напрыклад, на прамысловай выставе беларусы падпісалі цэлы пакет пагадненняў. Зразумела, толькі гэтым абмяжоўвацца не будуць. Тым больш што форум уражвае не толькі маштабам экспазіцый, але і шырокім прадстаўніцтвам: тут і губернатары, і міністры, і кіраўнікі найбуйнейшых кампаній дзвюх краін. Вынікі першага дня ў Ілоны Красуцкай.

Гэтымі днямі Сочы жыве кантрастамі. Поўная супрацьлегласць павольных турыстаў - натоўпы людзей у дзелавых касцюмах. Некалькі сотняў топ-менеджараў найбуйнейшых кампаній Беларусі і Расіі прыбылі ў алімпійскую сталіцу на другі форум рэгіёнаў. Вытрымліваць строгі дрэс-код ім не так проста. У Сочы зараз бархатны сезон, плюс 25, але па адчуваннях - усе 30.

Зрэшты, прывезці паўднёвы загар (хоць і часткова) бізнесменам усё ж удасца. Дзелавыя перамовы пройдуць не толькі ў канферэнц-залах, але і пад адкрытым небам. На час форуму ў Сочы дзейнічае адкрытая экспазіцыя - прамдасягненні Беларусі і Расіі. Гаспадыня форуму аказалася вельмі гасціннай - выдзеліла нам пляцоўку ўдвая большую: 3 тысячы квадратаў. Каб лягчэй было ўявіць, гэта прыкладна як дзве хакейныя пляцоўкі.

На сочынскім форуме прадстаўлены ўсе вобласці Беларусі і каля 50 рэгіёнаў Расіі. Моцныя поціскі рукі, усмешкі пры сустрэчы, відавочна, шматлікія губернатары і бізнесмены ўжо знаёмыя адзін з адным. Актыўна заводзяць і новыя кантакты. Яшчэ ў кулуарах дамаўляліся сустрэцца ў фармаце "бі ту бі" - сам-насам і без прэсы.

Праграма форуму разлічана на два дні. А вось яго падрыхтоўка ў беларускага боку заняла амаль 4 месяцы. На гэты час маршрут "Мінск - Сочы - Мінск" стаў штодзённым для арггрупы. Напярэдадні іх тэлефоны маўчалі. Як тлумачылі журналістам сёння - таксама вераць у прыметы. Таму і першыя грунтоўныя інтэрв'ю давалі толькі сёння.

Нарасхват для большасці СМІ аказалася і кіраўнік Савета Федэрацыі, адна з самых стыльных палітыкаў Расіі Валянціна Мацвіенка. Да таго ж неаднаразова ўзначальвала рэйтынг самых уплывовых жанчын Расіі. Ва ўсім любіць бездакорнасць: ці знешні выгляд, ці вядзенне спраў дзяржаўных. Як перфекцыяніст упэўнена: прамысловы патэнцыял Беларусі і Расіі вялізны.

Беларуская экспазіцыя - выключна інавацыйны прадукт. Менавіта такога (брэндзіраванага) на расійскім рынку 20 %. Вось і ля стэнда БДУ аншлаг. Аб каментарыі з набітым ротам яго даследчыкаў сёння прасіла не толькі прэса, але і выпадковыя прахожыя. На выставе яны елі цукеркі разам з абгорткамі. Прычым, тут няма ні кроплі гумару. Унікальная распрацоўка дазволіла зрабіць плёнку ядомай. Больш за тое, яна карысная для здароўя.

Аматараў селфі сёння нароўні з краявідамі алімпійскага Сочы вабіла экспазіцыя БелАЗа. У сацсетцы яны адпраўлялі фота навінкі. Гэта кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 90 тон. Яго блізняты ўжо працуюць у розных кліматычных умовах: ад краін СНД да Афрыкі.

Прама на форуме ў Сочы новых пакупнікоў знайшлі не толькі гіганты беларускай прамысловасці, але і малавядомыя маркі. Падпісана больш за 60 пагадненняў. Гэта будучыя кантракты на сотні мільёнаў долараў.

Тым часам у цэнтры Сочы, на плошчы каля Марскога вакзала, разгарнулася маштабная выстава-кірмаш беларускіх тавараў. Сочынцы, а таксама шматлікія турысты тут могуць і апрануцца, і купіць прадукты харчавання, і нават пабываць на канцэрце беларускіх артыстаў. Нягледзячы на спякоту, павышаным попытам карысталіся і беларускія валёнкі.

Для айчынных вытворцаў такі кірмаш - гэта яшчэ эфектыўная пляцоўка для рэкламы. Усё ж у Сочы на адпачынак прыязджаюць жыхары ўсіх рэгіёнаў Расіі - ад Далёкага Усходу і да Ямала. Вярнуўшыся дадому, яны зараз будуць, напэўна, часцей выбіраць на паліцах магазінаў менавіта беларускія тавары. Тым больш што нашы прадпрыемствы пастараліся прадэманстраваць тут самую прывабную прадукцыю. Калі каўбаса, то ў касічках, калі сыр, то рознакаляровы.

Заўтра форум рэгіёнаў наведаюць лідары Беларусі і Расіі. Будучыню прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы абмяркуюць падчас пашыранага пасяджэння. Прэс-служба Кіраўніка беларускай дзяржавы паведамляе і пра двухбаковую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Перамовы запланаваныя ў першай палове.