Сёння ў пасольстве Беларусі ў Маскве прайшоў брыфінг па візавых пытаннях

27 января 2017

Ці трэба замежніку атрымліваць рэгістрацыю, прыязджаючы ў Беларусь? Дзе можна аформіць медыцынскую страхоўку? І колькі разоў можна наведаць нашу краіну без візы грамадзянам іншых дзяржаў? Сёння ў пасольстве Беларусі ў Маскве прайшоў спецыяльны брыфінг. Ён выклікаў вялікую цікавасць у прадстаўнікоў замежных дыпмісій. У зале знаходзіліся каля паўсотні дыпламатаў. Тэма гутаркі - парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь. Так, паводле правілаў, замежніку, які прыязджае ў нашу краіну, рэгістрацыя не патрэбная, але міграцыйная карта абавязковая! Медыцынскую страхоўку можна аформіць прама ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, страхавы поліс павінен быць не менш як 10 тысяч еўра. Без візы замежніку знаходзіцца ў Беларусі можна не больш як 5 дзён. Колькасць паездак не абмежаваная. Галоўнае, каб агульная сума дзён не перавышала 90 сутак за год.

Юрый Ярашэвіч, саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі: "З Масквы іншаземцам лятаць у Мінск будзе нельга, бо ў нас дзейнічаюць унутраныя рэйсы паміж краінамі".

Нагадаем, бязвізавы рэжым для замежнікаў пачынае дзейнічаць з 12 лютага гэтага года. Ён распаўсюджваецца на грамадзян 80 дзяржаў. Сюды ўваходзяць краіны Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а гэтак жа Бразілія, Інданэзія, ЗША, Канада, Японія і іншыя дзяржавы.