Сёння ў Мінску чакаюць прыбыцця "нармандскай чацвёркі"

11 февраля 2015

За стол перамоў у Палацы Незалежнасці сядуць лідары Расіі, Украіны, Францыі і канцлер Германіі. У Мінску створаныя ўсе ўмовы для правядзення перамоў. Пра тое, што сёння ў беларускай сталіцы плануецца сустрэча ў "нармандскім фармаце", стала вядома ў мінулую нядзелю.

У Сочы з просьбай дапамагчы ў арганізацыі гістарычных перамоў да Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі звярнуўся асабіста расійскі лідар Уладзімір Пуцін. Аналагічную просьбу ў тэлефоннай гутарцы выказаў Прэзідэнту і кіраўнік Украіны Пётр Парашэнка.

Ужо напярэдадні ў беларускую сталіцу прыбылі перадавыя групы для падрыхтоўкі перамоў. Для асвятлення сустрэчы акрэдытавана 500 журналістаў. Яны прадстаўляюць вядучыя сусветныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта Расія, ЗША, Кітай, Японія, Фінляндыя, Украіна, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Чэхія, Турцыя, Катар, Кітай, Нарвегія, Італія і іншыя. Акрамя таго, чакаецца прыбыццё больш чым сотні журналістаў, якія суправаджаюць кіраўнікоў дзяржаў "нармандскай чацвёркі". З самай раніцы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск працуе здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Кацярына Бірэцкая (прамое ўключэнне).

Згодна з апошняй інфармацыяй, чакаць засталося зусім нядоўга. Каля пяці гадзін вечара, папярэдне, першы борт нумар адзін з чатырох павінен прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. А далей, як расказала нам кіраўніцтва аэрапорта, што называецца, хвост у хвост яшчэ тры. У якой паслядоўнасці, пакуль да канца, вядома, незразумела. Але гэта важна, хутчэй, для нас, журналістаў.

Для супрацоўнікаў аэрапорта важная гатоўнасць арганізацыйная да сустрэчы, і гэтая гатоўнасць ужо пацверджаная. Больш за тое, мы змаглі асабіста ацаніць гэтую самую гатоўнасць. Літаральна некалькі хвілін таму мы выйшлі з vip-залы. Прасторны хол, некалькі пакояў для перамоў і, вядома, чырвоная дарожка. Дарэчы, спецыяльнае пакрыццё з яе ўжо знялі - і гэта яшчэ адна прыкмета таго, што высокія госці прыляцяць у Мінск у самы найбліжэйшы час. Як нам удалося даведацца, сустракаць лідараў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі будуць згодна з афіцыйным пратаколам. Зрэшты, для нашай краіны сустрэча першых асоб - гэта не навіна. Навіна сёння ў іншым. Упершыню на беларускай зямлі мы чакаем лідараў так званай "нармандскай чацвёркі" - прэзідэнтаў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі. І, вядома ж, чакаем сапраўды гістарычных перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Яны, як мяркуецца, пачнуцца бліжэй да вечара ў Палацы Незалежнасці. Наколькі мне вядома, там зараз працуе мой калега Андрэй Крывашэеў, а разам з ім, упэўненая, яшчэ сотні журналістаў вядучых СМІ планеты. Паводле афіцыйнай інфармацыі, акрэдытацыю ўжо атрымалі каля 500 рэпарцёраў. Але гэтая лічба адназначна не канчатковая. Журналісты працягваюць прыбываць у нашу краіну, і многія атрымліваюць акрэдытацыю пасля прылёту Каля гадзіны таму ў аэрапорце мы сустрэлі адразу некалькі здымачных груп - гэта прадстаўнікі галандскіх, французскіх і іспанскіх тэлеканалаў і інтэрнэт-выданняў. Зразумела, не пагутарыць было проста немагчыма, і галоўнай тэмай, здавалася б, звычайнай гутаркі калег сталі маючыя адбыцца перамовы ў Мінску.

Верыць і вельмі спадзяецца на вынікі мінскіх перамоў сапраўды ўвесь свет без перабольшання. Пры гэтым, падкрэсліваюць міжнародныя аналітыкі, Мінск - пляцоўка для канструктыўных перамоў ідэальная, у першую чаргу дзякуючы ўзважанай пазіцыі па ўкраінскім пытанні лідара Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і ў цэлым рэпутацыі краіны як мірнай стабільнай дзяржавы.

Ну што ж, мяркуючы па ўсім, застаецца чакаць зусім нядоўга. Думаю, ужо зусім хутка самалёты лідараў "нармандскай чацвёркі" прыбудуць у Нацыянальны аэрапорт, а адсюль напрамую ў беларускую сталіцу, у Палац Незалежнасці, дзе і запланаваная гістарычная сустрэча. Як толькі на гарызонце з'явіцца першы борт нумар 1, мы абавязкова выйдзем на сувязь са студыяй і не толькі раскажам, але і пакажам гэта.