Сёння ў Мінску пачала працу сесія абедзвюх палат Нацыянальнага сходу

4 апреля 2016

У першы дзень дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адзін са знакавых законапраектаў гэтай вясновай сесіі - "Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны". Гэты дакумент называюць праграмным і сучасным. Папярэдні быў прыняты 14 гадоў таму, і за гэты час змяніліся і выклікі, і пагрозы, а таксама тактыка ўзброеных канфліктаў. Новая дактрына - гэта адказы на пытанні, з якімі сутыкаюцца сёння нават самыя паспяховыя краіны, аналіз сітуацыі ў свеце, у тым ліку з-за каляровых рэвалюцый.

Андрэй Раўкоў, Міністр абароны Беларусі: "Сёння апроч класічных формаў прымянення ўзброеных сіл тыповым стала выкарыстанне стратэгіі непрамых дзеянняў. Ён прадугледжвае вядзенне ваенных дзеянняў чужымі рукамі, масавае задзейнічанне радыкальных экстрэмісцкіх тэрарыстычных арганізацый, прыватных ваенных кампаній, шырокае выкарыстанне пратэстнага патэнцыялу насельніцтва. Апошнія падзеі, звязаныя з шэрагам так званых каляровых рэвалюцый, арабскай вясной, вайной у Сірыі, сведчаць аб тым, што важная роля адводзіцца правакаванню ўнутраных узброеных канфліктаў звонку".

Сёння прыняты і змяненні аб больш жорсткай крымінальнай адказнасці за стварэнне і фінансаванне экстрэмісцкіх арганізацый, за ўдзел наёмнікаў ва ўзброеных канфліктах у іншых краінах, а таксама за выраб, захоўванне і збыт кактэйляў Молатава.