Сёння ў Беларусь з афіцыйным візітам прыбывае прэзідэнт Узбекістана

31 июля 2019

З Шаўкатам Мірзіёевым заўтра правядзе перамовы Аляксандр Лукашэнка. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў Палацы Незалежнасці ў вузкім і пашыраным складах. Лідары абмяркуюць шырокае кола пытанняў з акцэнтам на ўмацаванні эканамічных адносін.Разгледзяць перспектывы сумесных праектаў у самых розных сферах. Асаблівая ўвага - узмацненню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, паглыбленню вытворчай кааперацыі і забеспячэнню спрыяльных умоў для гандлю. Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў абмяркуюць і палітычны парадак дня - сітуацыю ў рэгіёне і свеце.

Прэзідэнты таксама плануюць разам наведаць выставу нацыянальнай прадукцыі Узбекістана. Яна ў гэтыя дні праходзіць у беларускай сталіцы ў рамках Форуму рэгіёнаў дзвюх краін. Ужо складзены цэлы пакет міжрэгіянальных пагадненняў. Мінск зможа скарыстацца транзітным патэнцыялам Ташкента і падзяліцца сваім вопытам развіцця IT-сферы. Кіраўніцтва сталічнага рэгіёна плануе стварыць сумесную вытворчасць па гадаванні жывёлы. А ў азіяцкай рэспубліцы ў наступным годзе адкрыецца сумеснае фармацэўтычнае прадпрыемства. Прадукцыю будуць пастаўляць у трэція краіны.

Віктар Шадурскі, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ: "Адно з асноўных такіх вымярэнняў нашага супрацоўніцтва - гэта зрабіць Узбекістан апорным пунктам для Беларусі ў Цэнтральнай Азіі і, наадварот, Беларусь - апорным пунктам Узбекістана ва Усходняй Еўропе, у нашым рэгіёне. І, вядома, гэта не толькі гучныя словы, але за гэтым павінен стаяць вялікі змест. Аснова - гэта стварэнне сумесных вытворчасцяў, сумесная палітыка, экспарт у іншыя краіны, транзітныя шляхі".

Па выніках года Мінск і Ташкент плануюць выйсці на паўмільярда долараў тавараабароту.