Сёння апошні дзень для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў

10 февраля 2014

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, да выхадных прэтэндэнтаў было ўжо амаль 17 тысяч. Палова з іх - гэта вопытныя выбраннікі, дзеючыя дэпутаты. Як падкрэслілі ў Цэнтрвыбаркаме, вытрымліваецца і гендарнае раўнапраўе - сярод кандыдатаў амаль 8 тысяч жанчын. Дарэчы, паводле звестак сацыёлагаў, выбаршчык у Беларусі больш ахвотна падтрымлівае менавіта жанчыну-кандыдата. Ідэальны партрэт выбранніка на мясцовым узроўні выглядае так: узрост - да 55-ці гадоў, з вышэйшай адукацыяй, са стабільным, але не вельмі высокім даходам, сацыяльны работнік - урач, настаўнік або вядучы спецыяліст прадпрыемства, сямейны, беспартыйны, але з дакладнай грамадзянскай пазіцыяй, г.з. актыўны член прафсаюза або грамадскай ініцыятывы. У Цэнтрвыбаркаме са шкадаваннем адзначылі нізкую актыўнасць палітычных партый як на этапе фарміравання выбарчых камісій, так і пры вылучэнні кандыдатаў. На думку палітолагаў, іх пасіўнасцю карыстаюцца грамадскія рухі. А цэнтр палітычнага жыцця паступова ссоўваецца ў сферу грамадства.


Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:


Найбольш актыўна грамадзяне выкарысталі такі метад, як збор подпісаў. На другім месцы - гэта вылучэнне ад працоўных калектываў, ад палітычных партый. Па звестках, якія былі на мінулым тыдні, дзесьці каля 2%. Але я думаю, як раз ад палітычных партый асноўная маса вылучэнцаў падасць дакументы менавіта сёння.


З заўтрашняга дня пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў, пасля яе можна пачынаць агітацыю. Нагадаем, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць 23 сакавіка.