Сёння адкрываецца восеньская сесія беларускага парламента

2 октября 2019

Сёння адкрываецца восеньская сесія Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Яна стане заключнай для Нацыянальнага сходу 6-га склікання. Да завяршэння паўнамоцтваў дэпутаты прымуць каля 50 дакументаў. 

Пра ключавыя з іх і асаблівасці цяперашніх пасяджэнняў - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Сёння роўна ў 10:00 у Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў адкрыецца восеньская сесія для дэпутатаў. Дзень адкрыцця традыцыйны. І запісаны ў канстытуцыі. Працягласць таксама - да канца снежня. Для дэпутатаў яна будзе і насычанай, і асаблівай. Паралельна з працай у камісіях і ў Авальнай зале многія ўключацца ў барацьбу за дэпутацкае крэсла. 17 лістапада мы будзем выбіраць новы склад. Траціна з дзеючага зараз будзе балатавацца ў парламент яшчэ раз. На парадку дня чарговай сесіі амаль 50 пытанняў. І большасць з іх менавіта ў другім чытанні. Гэта значыць, што над папраўкамі працавала менавіта гэтае скліканне і яно хоча закрыць большасць дакументаў, а не перадаваць іх у спадчыну новаму складу. Будзе да сярэдзіны лістапада прыняты і праект бюджэту. Галоўны фінансавы дакумент пакуль яшчэ не паступіў у парламент, дапрацоўваецца, але тут яго чакаюць. Эканамічны блок законаў самы важкі. Пра гэта нам распавёў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы.

Ужо сёння пасля ўрачыстага адкрыцця і выступлення спікера будзе і рабочы працэс. На парадку дня 10 праектаў законаў. Сярод іх аб натуральных манаполіях, змяненні ў закон аб рэкламе і новы праект закона аб лекавых сродках. Сёння ж збяруцца на восеньскую сесію і сенатары. Для цяперашняга складу, як і для дэпутатаў, яна заключная. Адкрыецца ў 15:00.