Сёння адкрыліся восеньскія сесіі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі

2 октября 2019

Для парламентарыяў шостага склікання яны стануць заключнымі. Ужо ў наступным месяцы пройдуць выбары ў верхнюю і ніжнюю палаты. Але парламенцкая гонка, у якую ўжо ўключыліся і некаторыя з дзеючага складу, не падстава расслабляцца. Ужо ў першы дзень разгледжана і прынята  больш за дзясятак законапраектаў. Ключавым стане пакет бюджэтных дакументаў. Праект пакуль на дапрацоўцы, але дэпутаты ўпэўнены: паспеюць яго прыняць да канца месяца. Не менш важны і міжнародны парламенцкі вектар. Для Беларусі заўсёды была і застаецца прадукцыйная інтэграцыя  з усімі, хто гатовы з намі супрацоўнічаць (перш за ўсё з блізкімі суседзямі). І гэтую эстафету дэпутаты гатовы перадаць будучым калегам. З Авальнай залы рэпартаж Святланы Лук’янюк. 

Час зверыць гадзіннікі. Пяць хвілін да пачатку сесіі. З канца чэрвеня  работа была ў камісіях. Сёння адкрыты пленарныя пасяджэнні. І восеньскі парламенцкі марафон  стартаваў. Пакуль не ўсе старонкі для дзеючага складу перагорнуты. 

Заключная сесія для шостага склікання нічым не адрозніваецца ад папярэдніх. Тыя ж абмеркаванні законапраектаў яшчэ да вынясення ў Авальную залу. Самі дэпутаты гавораць: падводзіць вынікі пакуль што рана, наперадзе паўтара месяца вялікай работы. На парадку дня восеньскай сесіі чатыры дзясяткі пытанняў. І 14 законапраектаў разгледзелі сёння, у першы дзень. Такая канцэнтрацыя і сабранасць зразумелыя, бо на 17 лістапада прызначаны выбары ў Палату прадстаўнікоў. Новы склад сёмага склікання плануе сабрацца ў Авальнай зале ўжо ў пачатку снежня.

Але да перадачы эстафеты арыенціры для ўнутранай работы і знешніх кантактаў ад спікера. Ён падкрэслівае: дробных пытанняў няма, гучаць яны  з трыбуны ці ў выбарчых акругах. Прыкладна траціна ад тых, хто сёння ў зале, будуць ізноў змагацца за дэпутацкае крэсла. Зараз кандыдаты збіраюць подпісы. А перадавую групу назіральнікаў ад АБСЕ чакаем ужо на наступным тыдні. У цэлым кампанія праходзіць спакойна, запэўнівае старшыня ЦВК. Ёсць толькі асобныя папярэджанні. 

Разам з парламенцкай кампаніяй зараз  не менш насычаная і заканадаўчая работа. Большасць дакументаў у другім чытанні, іх у спадчыну новаму складу пакідаць не будуць. Так, сёння падтрыманы змяненні па натуральных манаполіях, іх цэны і тарыфы закліканы публічна абмяркоўваць. 

Пад пільнай увагай лекі. Галоўнае - не ці знікнуць з аптэк патрэбныя? Міністр запэўнівае: многія пастаўшчыкі ўжо прайшлі рэгістрацыю на наступны год, іншых прыйшлося запрашаць, але нейкіх імпарцёраў памяняюць. Новы праект закона ў тым ліку спрашчае  менавіта рэгістрацыю. 

Рэферэнтны прынцып з гэтага года на  прэпараты  для лячэння сардэчных і анкалагічных захворванняў паказаў сваю эфектыўнасць. І спіс плануюць пашырыць. Гэта калі цана, уваходная на рынак, фіксуецца з аглядкай на тое, колькі каштуюць лекі ў сумежных краінах. Такая абарона ад завышанага кошту. Не менш пытанняў з залы было і па законе аб рэкламе. Тым больш што некаторыя навацыі ўнеслі якраз пасля зваротаў людзей. Напрыклад, па гукавой рэкламе ў транспарце. Улічылі меркаванні і бізнесу, і пасажыраў. 

З бізнесам абмяркоўвалі і закон аб адзінстве вымярэнняў. Гэта як дадатковая абарона для нашых прадпрыемстваў-экспарцёраў на рынку і саюзным, і ЕАЭС. Бо забароны на пастаўкі прадукцыі ператвараюцца ў вялікія фінансавыя страты.

У кулуарах Авальнай залы абмяркоўваюць ужо парадак дня наступных пасяджэнняў. Ці паступіць праект бюджэту-2020 і ці паспеюць прыняць да канца кастрычніка? Зараз ён на дапрацоўцы. Але кіраўнік профільнай камісіі запэўнівае: выдаткі не будуць скарачацца. А бюджэтнікі могуць разлічваць на павелічэнне зарплат на 10-11 працэнтаў. 

Сенатары ж прапаноўваюць глядзець ужо і на далейшую перспектыву. Праект сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года паспрабуюць распрацаваць у першым паўгоддзі наступнага. Сёння гэтую прапанову агучыў спікер на адкрыцці заключнай сесіі для цяперашняга складу Савета Рэспублікі. Так што прагнозныя дакументы стануць, магчыма, новай старонкай у працы іх калег сёмага склікання.