Санкт-Пецярбург прымае VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

17 июля 2019
Гэтыя дні праходзяць пад знакам беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Санкт-Пецярбург прымае VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сённяшні перагаворны дзень быў насычаны дзелавымі кантактамі і сустрэчамі прадстаўнікоў бізнесу. Можна сказаць, што зносіны на палях форуму сталі зрэзам саюзнай эканомікі - ад сферы машынабудавання і нафтахіміі да АПК і фармацэўтыкі. Тут чарговы раз артыкулююцца запыты аб неабходнасці  ліквідацыі бар'ераў у гандлі і больш узгодненых дзеянняў у прамысловай палітыцы, напрыклад. Сталі вядомыя і першыя вынікі - падпісаны кантракты больш  чым на 120 мільёнаў долараў. Ужо заўтра ўдзел у пленарным пасяджэнні форуму прымуць прэзідэнты. У цэнтры ўвагі будзе гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы. А сёння ў лідараў была магчымасць пагутарыць  нефармальна. Месца для гэтага было выбрана ўнікальнае - Уладзімір Пуцін запрасіў Аляксандра Лукашэнку на Валаам. "Гэта наша праваслаўная святыня", - менавіта так выказваўся Аляксандр Лукашэнка аб гэтым краі. Тут прэзідэнты Беларусі і Расіі наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі мужчынскі манастыр. Так што сяброўскі дыялог лідараў праходзіў у асаблівай атмасферы. Не толькі палітыка і эканоміка, але і трывалыя духоўныя сувязі аб'ядноўваюць беларусаў і расіян. Пра ўсё больш падрабязна  Андрэй Крывашэеў.

Таўрычаскі палац у Санкт-Пецярбургу - як выдатны архітэктурны вобраз класіцызму, заўсёды актуальнай класікі. Плюс пляцоўка чатырох першых імперскіх яшчэ Дум - г. з. вобразны падмурак парламентарызму. Усе гэтыя паралелі наўмысна павышаюць статус і важнасць VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Паўночнай сталіцы. З палацам звязаныя самыя складаныя, спрэчныя, але і стваральныя моманты новай гісторыі нашых краін. Удзельнікі форуму сёння гэтак жа, як і стагоддзе таму, разлічваюць закласці новую архітэктуру саюзнай інтэграцыі на ўзроўні парламентаў, бізнесу і навуковай супольнасці.

Гістарычную атмасферу "высокага сходу" арганізатары пастараліся ўвасобіць і ў рамках пасяджэнняў. Напрыклад, бізнес абмяркоўвае абмежаванні ў бібліятэцы з каланадай - без архітэктурных заган. Эксперты-гуманітарыі і кіраўнікі саюзных СМІ абмяркоўваюць фэйкі і агульную медыяпрастору ў арганічнай і строгай прасторы левага крыла палаца з выглядам на сад, закладзены яшчэ пры Кацярыне. У цэнтральным холе - арганная музыка, жывыя кветкі і атмасфера 19-га стагоддзя. Усё схіляе да глыбокай і змястоўнай гутаркі. У падкрэслена аскетычнай атмасферы раніцай прайшлі перамовы кіраўнікоў верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. 

Саветы Рэспублікі і Федэрацыі - арганізатары форуму. І менавіта яны акумулююць усе прапановы ад грамадства, бізнесу і экспертаў, каб вывесці на прэзідэнцкі ўзровень. Чырвонай ніткай у дыялогу - абнаўленне Саюзнага дагавора. Крытычных супярэчнасцяў няма, але ёсць працаёмкая руціна - гарманізацыя заканадаўчых рамак. Сенатары і дэпутаты гатовыя падтрымаць ініцыятывы бізнесу, калі гэта будзе ўзгодненая пазіцыя. На жаль, пакуль саюзнае прадпрымальніцтва - гэта, хутчэй, брэнд, чым рэальнае напаўненне. Канкурэнцыя, часта нядобрасумленная, пратэкцыянізм і выняткі з рэжыму свабоднага гандлю - такія пакуль рэаліі. 

Пляцоўка дзелавога савета, бадай,- самая адкрытая, палемічная і канкрэтная на форуме. Кожны даклад - зрэз саюзнай эканомікі. Машынабудаванне, нафтахімія, АПК і фармацэўтыка. Толькі па гэтых кірунках сёння падпісана кантрактаў і пагадненняў на 120 мільёнаў долараў. Магло быць і больш, будзь у саюзнікаў саюзная прамысловая палітыка. Калі груба - дзе і што вырабляць і на якія рынкі прадаваць, не перашкаджаючы адно аднаму. Камуніст Леанід Калашнікаў нагадвае: нічога новага мы не вынаходзім, такая палітыка ў нас ужо была ў савецкай сістэме народнай гаспадаркі. 

Яркім прыкладам агульнай бізнес-цікавасці стала ўчарашняе адкрыццё СП па вытворчасці ліфтаў у Паўночнай сталіцы Расіі. База - магілёўскі ліфт, глыбокая лакалізацыя - ліфт неўскі. У бягучым годзе тут збяруць 1000 адзінак, у наступным падвояць аб'ём. З улікам патрэбнасці Піцера і Ленвобласці - з 2020-га кожны другі новы ліфт будзе сумесным стварэннем.

Гэта пазітыў, але ёсць і старыя праблемныя пазіцыі. Іх квартэт гучыць звыкла: страты ад падатковага манеўру па нафце, роўныя цэны на газ, пастаўкі тэхнікі і харчавання. Аб гэтым на форуме - у мінулым адзін з ключавых перагаворшчыкаў ад урада, а цяпер пасол Уладзімір Сямашка. 

Паказальны момант на форуме - прадпрымальнікі і сенатары практычна "расстрэльваюць" пытаннямі і рэплікамі прадстаўніка Рассельгаснагляда. Чаму тармозіцца беларускае малако? Чаму дае збоі сістэма сачэння ад поля да прылаўка? Нарэшце, з гаркатой - ваша задача не рэкорднае закрыццё экспартных пазіцый, а іх рэкорднае адкрыццё.

Да Валаамскіх святыняў яшчэ вернемся, а пакуль аб зямным. З сур'ёзных дасягненняў форуму - паэтапнае здыманне бар'ераў у грузаперавозках. Беларускіх лагістаў і перавозчыкаў абмяжоўваюць мацней за прыбалтаў. Але да канца бягучага года праблемы абяцаюць зняць. І гэта безумоўная заслуга рэгіянальнага вымярэння.

Па выніках дзелавога савета падпісана каля дзясятка камерцыйных пагадненняў. Дэталі - камерцыйная таямніца, але гаворка ідзе аб пастаўках у Расію шырокага асартыменту беларускай нафтахіміі ад аўтамабільных шын да поліэтылену высокага ціску. 

Важным і прарыўным называюць пагадненне расійскай дзяржкарпарацыі ВЭБ, БелАЗа і Банка БелВЭБ. Размова аб падтрымцы сумесных паставак у трэція краіны. Калі ўлічыць, што кожны самазвал каштуе ад мільёна долараў, фінансавае плячо экспарцёру жыццёва неабходнае. 

Зрэшты, не хлебам адзіным… Акрамя дзелавога вымярэння VI Форум рэгіёнаў робіць акцэнт на сацыяльным і гуманітарным змесце інтэграцыі. Ідэя простая - за 20 гадоў беларусы і расіяне  прывыклі да адкрытай мяжы і агульнага сацпакета. Трэба новае дыханне, каб саюз быў наглядна выгадны для простага чалавека. Напрыклад, у адукацыі - ужо створана Асацыяцыя беларускіх і расійскіх ВНУ. У яе рамках плануюць выйсці на рэгулярны абмен студэнтамі і праграмамі аж да паўнавартаснай акадэмічнай мабільнасці. Гэта свайго роду бязвіз для адукацыі. Напрыклад, школу скончыў у Віцебску, універсітэт у Піцеры, кандыдацкую абараніў у Мінску, а сваё ноу-хау рэалізаваў на ўсёй прасторы Саюзнай дзяржавы. 

Яшчэ адзін акцэнт форуму – моладзевая палітыка. Праекты для тых, хто заўтра і паслязаўтра будзе вызначаць глыбіню саюзнай інтэграцыі. Ужо сёння актыўнай моладзі прапанавалі ў рамках конкурсу зазірнуць за гарызонт 10 гадоў. Пераможцы, у прыватнасці, прапанавалі тую самую акадэмічную мабільнасць і  хуткасны электрацягнік паміж Мінскам, Масквой і Піцерам. 

Дарэчы, гэтую ідэю  падтрымалі парламентарыі дзвюх краін. Яна  поўнасцю ў духу і па літары мадэрнізацыі саюзнай транспартнай сістэмы. Плюс спалучаецца з еўразійскімі калідорамі і мегапраектам Кітая  "Новы Шаўковы шлях".

На жаль, не так аператыўна вырашыць народныя запыты - прызнанне дысертацый і адмену роўмінгу. Сенатары прызнаюцца: пакуль  сярод інтарэсаў дзяржаў і карпарацый перамагаюць апошнія. Іх бізнес-інтарэсы перашкаджаюць устойлівай сувязі без дарагога роўмінгу.

Хуткая няўдача  не падстава для песімізму. За гады форуму заключана больш  чым 2 сотні пагадненняў, а пакет кантрактаў перавысіў 1,5 мільярда долараў. Сенатары ўпэўнены: і пытанне роўмінгу, і пытанне адзінай гуманітарнай і культурнай прасторы будзе вырашана. Як прыклад - сёння ў рамках форуму новыя пагадненні звязалі Віцебскую, Гомельскую і Мінскую вобласці з Карэліяй, Пскоўскай, Самарскай і Свярдлоўскай губернямі. Падпісанне прайшло ў атмасферы нават не партнёрства, а сваяцтва.

Кульмінацыя VI  Форуму рэгіёнаў  заўтра, калі ў Таўрычаскім выступяць лідары Беларусі і Расіі. Зрэшты, іх магутны ўплыў на інтэграцыю адчуваўся і сёння. Дэпутаты, сенатары, губернатары і эксперты лавілі па стужках навін весткі з Валаама. Менавіта там сёння нефармальныя зносіны прэзідэнтаў і анансаваная малітва. 

Валаамскі архіпелаг - для праваслаўных месца сканцэнтравання духоўнай сілы. Частка гісторыкаў вядзе гісторыю манастыра з хрышчэння Русі, хаця ёсць і іншыя версіі. У любым выпадку Валаам - месца масавага паломніцтва і для вернікаў прыстанак Прасвятой Тройцы. Лідараў прымаюць у Спаса-Праабражэнскім манастыры. У асноўным храме  падыход да мошчаў Сяргея і Германа - заснавальнікаў Валаамскага цуду. Ля іконы Божай Маці  прэзідэнты запальваюць свечкі. Гісторыя Валаама як люстэрка трагічнай гісторыі славянскіх народаў апошніх двух стагоддзяў. Манастыр руйнаваўся шведамі і закрываўся ў гады бязбожнасці. Яго апошняе “ўваскрэсенне”  вядзе адлік з 1989 года - года заходу краіны Саветаў. Распарадак  тут строгі  і яго не мяняюць нават з-за  прыезду прэзідэнтаў. Верхні і ніжні храмы  скіта ўсіх святых  наведваюць без жанчын. Тут гавораць  пра цуд выратавання.

Валаам  адзіны духоўна, але геаграфічна  гэта архіпелаг астравоў. А таму, каб дэталёва разгледзець святыя мясціны і дакрануцца да праваслаўных святынь, прэзідэнты выкарыстоўваюць катар. Эксперты дагэтуль гадаюць, з чым звязана такая глыбока асабістая сустрэча і наконт чаго  лідары гаварылі сёння на фоне велічных (прычым не сваім размахам, а сваім значэннем для адзінства вернікаў) скітоў і манастыроў. Магчыма, гэтую інтрыгу прэзідэнты раскрыюць заўтра  - у кульмінацыйны дзень VI беларуска-расійскага Форуму рэгіёнаў у Паўночнай сталіцы Расіі.