Саміт АДКБ. Ключавая тэма - бяспека

15 октября 2014

Хто і як забяспечвае наш надзейны тыл? Вялікая гутарка прыкладна з такім лейтматывам адбылася сёння ў Мінску. І гэта менавіта той выпадак, калі мы гаворым: Наш і маем на ўвазе не толькі тэрыторыю Беларусі на 200 000 кіламетраў. Гутарка ішла пра бяспеку рэгіянальную. У выязным пасяджэнні пастаяннай камісіі Парламенцкай асамблеі АДКБ удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана і Кыргызстана. Ваенна-палітычнае становішча ля меж арганізацыі зараз няпростае і патрабуе толькі суладных дзеянняў. У тым ліку гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў у ваеннай сферы, на гэтым фоне пра парламенцкі складальнік АДКБ удзельнікі пасяджэння сёння гаварылі асобна. З падрабязнасцямі - Уладзімір Каралёў.


Задача нумар адзін любой дзяржавы - бяспека меж. Тэрытарыяльная цэласнасць сёння - адна з самых дарагіх каштоўнасцяў любой краіны. Менавіта таму пытанні рэгіянальнай бяспекі - ключавы момант на выязным пасяджэнні пастаяннай камісіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.


Зыгмунд Валевач, член пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Будуць выпрацаваныя рашэнні па нашых сумесных дзеяннях. Па пытаннях гарманізацыі заканадаўства абароны і бяспекі крытычна важных аб'ектаў, інфармацыйнай бяспекі. Сустрэча дасць добры імпульс развіцця АДКБ.



Парламентарыі ўжо не першы раз збіраюцца ў Мінску для абмеркавання найважнейшых пытанняў. Асноўная мэта пасяджэння сёння - вывучэнне ваенна-палітычнага становішча ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Бо нацыянальная бяспека з'яўляецца часткай калектыўнай бяспекі.



А ўжо пасля дэпутаты Парламенцкай асамблеі АДКБ наведалі 50-ю змяшаную авіябазу ў Мачулішчах, дзе прадстаўнікі 6 краін змаглі асабіста ўбачыць магчымасці дзяжурных сіл і сіл спецыяльных аперацый.



Паводле легенды, у Беларусі абвешчаная гатовасць №1. Паветраны аб'ект парушыў дзяржаўную мяжу краіны. Ужо праз 7 хвілін экіпаж дзяжурнага звяна ў паветры, бо ў такіх выпадках на рахунку кожная секунда.


Праца сіл спецаперацый: людзі ў масках адпрацоўваюць пытанні нейтралізацыі дыверсійна-разведвальнай групоўкі. Вынік працы можна назіраць у рэальным рэжыме. З улікам важнасці ўкаранення сучасных тэхналогій дэпутатам паказалі новыя і мадэрнізаваныя ўзоры розных узбраенняў.


Кірункі дзейнасці арганізацыі рэгулярна абмяркоўваюцца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Саміт АДКБ праводзіцца штогод, апошні адбыўся ў маі ў расійскай сталіцы. Ключавой тэмай гутаркі стала бяспека. Падзеі на міжнароднай арэне не дазваляюць застацца ўбаку. Краіны АДКБ павінны быць гатовыя абараніць суверэнітэт і незалежнасць.


Ужо ў найбліжэйшыя два дні парламентарыі гатовыя зрабіць уласныя высновы, як павысіць боегатоўнасць і баявую моц краін - удзельніц АДКБ. Выніковы дакумент будзе накіраваны ва ўсе камітэты і камісіі 6 дзяржаў.