Саміт АДКБ. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы

28 ноября 2019
У Бішкеку ў гэтыя хвіліны праходзіць саміт АДКБ. Удзел у ім прымае наш Прэзідэнт.

Лідары краін - удзельніц ваенна-палітычнага блока ў вузкім і пашыраным складах абмеркавалі самыя вострыя пытанні і перспектыўныя праекты. Да дыскусіі запрасілі і Дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася, з 1 студзеня ён зойме пасаду генеральнага сакратара АДКБ. У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы. Кіраўнік беларускай дзяржавы, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным супрацьстаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра спыненне дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці. Таму Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялога па пытаннях міжнароднай бяспекі на ўзор Хельсінкскага працэсу і накіраванні яго на пераадоленне наяўных супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўраатлантыцы і Еўразіі. Была закранутая і тэма павялічанай колькасці групоўкі НАТА на заходніх межах АДКБ і ў непасрэднай блізкасці ад меж Беларусі. Хоць такая колькасць войскаў і не ўяўляе прамой ваеннай пагрозы, аднак мілітарызацыя меж вымушае выпрацоўваць адэкватныя меры ў адказ дыпламатычнага, інфармацыйнага і ваеннага характару. У цэлым падкрэсленая неабходнасць пазбегнуць новай гонкі ўзбраенняў.

Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Кыргызстана


Такія саміты - гэта яшчэ і пляцоўка для двухбаковых сустрэч, магчымасць ацаніць стан і перспектывы адносін паміж краінамі. Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы са сваім калегам - кіраўніком Кыргызстана Сааранбаем Жээнбекавым. Наша краіна пацвярджае гатовасць развіваць супрацоўніцтва. У гэтым плане ёсць куды імкнуцца і ў частцы павелічэння ўзаемнага гандлю, і ў рэалізацыі вызначаных праектаў. За мінулы год тавараабарот перавысіў 130 мільёнаў долараў. Аснова беларускага экспарту - трактары, лекі, малочныя і мясныя прадукты. У Кыргызстане дзейнічае больш як паўсотні прадстаўніцтваў суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў. 

Неўзабаве Беларусь і Кыргызстан абмяркуюць пункты росту свайго партнёрства. Чарговае пасяджэнне двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве плануецца правесці ў Мінску ўжо ў гэтую нядзелю. Нядаўна бакі дамовіліся аб тым, каб падняць узровень сустаршыняў камісіі да віцэ-прэм'ераў.