Саміт лідараў ЕАЭС другі раз адбыўся ў фармаце відэаканферэнцыі

19 мая 2020
Жыццё і эканоміка "еўразійскай пяцёркі" падчас і пасля пандэміі, стратэгія ЕАЭС на наступныя 5 гадоў і міжнароднае супрацоўніцтва - гэта парадак сённяшняга саміту лідараў "саюза пяці", які ўжо другі раз сёлета адбыўся ў фармаце відэаканферэнцыі. З моманту мінулай віртуальнай сустрэчы прайшоў месяц - тады палітыкі абмяркоўвалі супрацьстаянне COVID-19 і крокі па аднаўленні і развіцці ў эпоху пасткаранавіруса. Тэма актуальная па-ранейшаму, менавіта таму важна выразна вызначыць, як будзе развівацца саюз далей у новых умовах і, вядома, забяспечыць выкананне агучаных раней абавязацельстваў, якія прапісаныя ў Дамове аб стварэнні ЕАЭС. 

Іншыя падрабязнасці прама зараз даведаемся ў Ілоны Красуцкай.

Саміт ЕАЭС анлайн

У першую чаргу хочацца падзяліцца атмасферай саміту, які адбыўся анлайн. Трэба сказаць, сёння склалася ўражанне, што кіраўнікі дзяржаў успомнілі, як гэта было, калі яны сустракаліся асабіста. Памятаеце, вельмі эмацыйныя перамовы, дзесьці не абыходзіліся без палемікі. Вось і сёння дыялог быў вельмі адкрытым, момантамі з крытыкай адносна пытанняў парадку ды і самой дзейнасці саюза.

Лідары краін ЕАЭС абмеркавалі стратэгію інтэграцыі да 2025 года

На сувязі - лідары краін еўразійскай "пяцёркі" плюс прэзідэнт Малдовы - у гэтай краіны статус назіральніка ў саюзе. Без пратакольных фармальнасцяў слова далі абсалютна ўсім. Эпідэміялагічнае становішча і жыццё ў новых умовах патрабуе пастаяннага маніторынгу сітуацыі. Вядома, здароўе грамадзян інтэграцыйнага аб'яднання - пытанне нумар адзін. Але ў той жа час важна забяспечыць годныя ўмовы для жыцця зараз і падумаць, што будзе, калі пандэмія сыдзе. Тут без выразнага, у тым ліку - эканамічнага, сцэнарыя не абысціся. Галоўны дакумент гэтага саміту - Стратэгія саюза на найбліжэйшыя 5 гадоў. Наш Прэзідэнт скажа: падрыхтоўка ішла складана. Па адным з пытанняў рашэнне пакуль не прынята.

Выкананне абавязацельстваў

Цана транспартоўкі газу для Беларусі прынцыповая. З той жа Расіяй розніца сёння прыкладна ў 3 разы. А калі ўлічыць, што гэта 70% кошту блакітнага паліва, зразумела, чаму беларускія вытворцы фізічна не могуць на роўных канкурыраваць з тымі ж расійскімі. А гэта парушэнне базавых дакументаў і пагадненняў саюза. Пазіцыя Расіі - захаваць няроўнасць аж да стварэння агульнага рынку. Пры гэтым сам агульны рынак не можа быць створаны да ўніфікацыі тарыфаў. Замкнёны круг. Супраць чаго і выступаюць Беларусь і Арменія. Хоць у сваім выступленні Уладзімір Пуцін пакінуў пляцоўку для газавых перамоў адкрытай. Заўважыўшы, што чатыры свабоды ў рамках саюза - агульная мэта.

Стратэгія інтэграцыі ЕАЭС адпраўленая на дапрацоўку

Вось так і атрымліваецца: пасля пытання аб цэнаўтварэнні транспартоўкі газу палітыкі пакінулі шматкроп'е. У цэлым жа саму стратэгію на наступныя 5 гадоў адобрылі, але каб, нарэшце, прыйсці да агульнага назоўніка, спатрэбіцца дадатковая дапрацоўка, падключацца ўрады і эксперты. 

На парадку саміту - 10 пытанняў

Акрамя новай стратэгіі, палітыкі сёння абмеркавалі яшчэ 9 пытанняў. Вызначылі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі на найбліжэйшыя пару гадоў, дадатковыя ўмовы для развіцця транспартнага рынку ЕАЭС. Тэма актуальная, асабліва ўлічваючы спалучэнне інтэграцыйнага фармату і кітайскай ініцыятывы "Шаўковага шляху". І, нарэшце, пры ўвозе тавараў ЕАЭС у тэрытарыяльныя свабодныя эканамічныя зоны Расіі можна будзе не выплачваць ПДВ. Значыць, створаныя ўмовы для канкурэнцыі нашых тавараў і тых, што будуць увозіць з-за меж саюза.

Куба жадае атрымаць статус назіральніка ў ЕАЭС

Лідары разгледзелі і заяўку Кубы - гэтая краіна імкнецца стаць назіральнікам у аб'яднанні. Кубінскім калегам яшчэ раз растлумачаць усе нюансы гэтага адказнага кроку.

Новая сустрэча лідараў ЕАЭС адбудзецца ў канцы года

А ўнутрыінтэграцыйныя пытанні самі лідары вырашылі абмеркаваць больш дэталёва на чарговай сустрэчы. У прыярытэце вочная - папярэдне яе запланавалі на кастрычнік - лістапад у Мінску. Але калі таго запатрабуюць акалічнасці, палітыкі зноў гатовыя вярнуцца да фармату відэаканферэнцыі.