Шэраг беларускіх СМІ атрымалі рассылку з інфармацыяй аб метадах працы асобных незалежных назіральнікаў

8 февраля 2018

Тэма выбараў у мясцовыя Саветы сёння паўстала ў некалькі незвычайным ракурсе. Шэраг беларускіх СМІ атрымалі рассылку з акаўнта ў сацыяльных сетках з інфармацыяй аб метадах працы асобных незалежных назіральнікаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра кампанію "Права выбару". Аўтар рассылкі прыводзіць дакументальныя пацвярджэнні таго, што назіральнікі ад гэтай структуры яшчэ да пачатку галасавання атрымалі ўжо гатовыя скаргі на парушэнні і заявы аб непрызнанні мясцовых выбараў. Аб рэакцыі СМІ на скандальнае дасье і самой арганізацыі на вельмі сумніўную рассылку - у нашым сюжэце.

Праца незалежных назіральнікаў падчас выбарчых кампаній - звычайная практыка для любой цывілізаванай дзяржавы. Гэтыя людзі, як і бачна з назвы, не адстойваюць чые-альбо інтарэсы, абсалютна непрадузята ацэньваюць арганізацыю выбараў і даюць сваю, незалежную ацэнку. Прынамсі, павінны…

Кампанія "Права выбару" далёка не першы год актыўнічае ў беларускіх палітычных колах. Аб'ядноўвае прадстаўнікоў партый і грамадскіх структур: ад БНФ да прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці. Мяркуючы па мэтах, заяўленых на сайце, гэта ад іх залежыць будучыня краіны, вынікі выбараў і нават якасць медыцыны. Побач запрашэнне ўсяго адным "клікам" далучацца да назірання.

Каб растлумачыць добраахвотнікам, як менавіта трэба назіраць, праводзяцца спецыяльныя інструктажы. У рассылцы для беларускіх СМІ прыкладваецца аўдыязапіс аднаго з такіх трэнінгаў. Аўтар сцвярджае, што голас мужчыны належыць Алесю Сілкову - каардынатару кампаніі "Права выбару". Вось фрагмент размовы, дзе даецца даручэнне разаслаць "дружалюбным" кандыдатам заяву аб непрызнанні выбараў. За паўтара тыдня да саміх выбараў.

Так, кандыдат мае законнае права напісаць такую заяву, але яна павінна быць заснавана на рэальных парушэннях, фіксаваць якія - праца назіральнікаў. У дадатках, якія трапілі ў Сетку, скаргі на любы густ. Адмова ў акрэдытацыі, выдаленне з участка, недаванне інфармацыі, адсутнасць умоў для назірання, прымус да ўдзелу ў галасаванні, негарантаванне захаванасці скрыні для галасавання, невывешванне копіі пратакола. Засталося ўпісаць асабістыя звесткі, паставіць подпіс, і дакумент фізічна існуе. А значыць і ў "свайго" кандыдата зараз ёсць падстава пісаць скаргу.

Але ці мала што можа з'явіцца на прасторах Інтэрнэта. У цяперашнюю эпоху фейкаў усю інфармацыю хочацца праверыць тройчы. Мы звязаліся з калегамі з іншых беларускіх СМІ. TUT.BY, БелаПАН пацвердзілі атрыманне такога ліста. Але на момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу не апублікавалі. Як і іншыя актыўныя ў Інтэрнэце СМІ. У каардынатара назіральнікаў Алеся Сілкова каментарый узяць не атрымалася - яго тэлефон не адказвае. Але нам удалося звязацца з прэс-сакратаром "Права выбару" Ігарам Барысавым. Для яго гэтая ўцечка аказалася вялікай нечаканасцю.

Па тэлефоне: Ігар Барысаў, прэс-сакратар кампаніі "Права выбару":

“У любым выпадку я змагу нейкую пазіцыю сказаць наконт гэтага не раней за панядзелак. Таму што і Сілкова няма зараз у Беларусі”.

Не будзем строіць здагадкі, чаму прадстаўнікі нацыянальнага цэха незалежных назіральнікаў перад выбарамі накіраваліся за мяжу. А мы дажывём да панядзелка.