Роўна тыдзень аддзяляе Беларусь ад галоўнай палітычнай кампаніі года

5 сентября 2016

Заўтра ў краіне пачнецца датэрміновае галасаванне. Участкі па ўсёй Беларусі гатовыя і ўжо атрымалі бюлетэні. У галоўны дзень парламенцкіх выбараў асвятляць выбарчы працэс будуць амаль 700 прадстаўнікоў СМІ. Прэзентацыя інфармацыйнага цэнтра прайшла сёння ў Палацы Рэспублікі. Пра ход галасавання прадстаўнікі ЦВК будуць паведамляць кожныя дзве гадзіны. Фармат "сем у адным" звяжа сталіцу і абласныя цэнтры. За ўсімі навінамі беларусы змогуць сачыць і ў эфіры нашага тэлеканала. Маштабны тэлемарафон кожную гадзіну на працягу ўсяго дня будзе асвятляць Агенцтва тэленавін. Усе нюансы ў рэпартажы Ілоны Красуцкай.

У палітычным календары да парламенцкіх выбараў засталося не так ужо шмат старонак. Да галоўнай падзеі года ўсяго тыдзень. У ЦВК заяўляюць: гэтую кампанію (па ўсіх параметрах) можна назваць спакойнай. Што ж, спакойна ўсё гэта выглядае для назіральнікаў. А тым, хто ўключаны ў падрыхтоўку кампаніі, прынамсі, прыйшлося адкарэкціраваць водпускі.

Ужо заўтра пачынаецца датэрміновае галасаванне. У 10:00 у Беларусі адкрыюцца выбарчыя ўчасткі. Іх сфарміравана 6 018. У тым ліку 47 за мяжой. На адно дэпутацкае крэсла прэтэндуюць 4,5 чалавека. Сярод іх кожная чацвёртая - жанчына. Большасць - удзельнікі палітычных партый. На другі тэрмін балаціруюцца 28 дзеючых парламентарыяў. У спісе прэтэндэнтаў таксама ёсць беспрацоўныя і пенсіянеры. А вось маладых кандыдатаў ва ўзросце ад 22 да 30 паўсотні.

У холе Палаца Рэспублікі шматлюдна. Працуюць тэхнікі, ідзе мантаж абсталявання. Тэхнічны бок забяспечваюць дзясяткі чалавек, каб у камфортных умовах парламенцкія выбары маглі асвятляць 7 соцень журналістаў. Менавіта тут 11 верасня адкрыецца інфармацыйны цэнтр. А сёння першая публічная прэзентацыя. Прадстаўнікі ЦВК будуць інфармаваць выбаршчыкаў наконт ходу галасавання і папярэдніх вынікаў кожныя дзве гадзіны. Фармат "сем у адным" звяжа сталіцу і абласныя цэнтры. Гэта відэаканферэнцыі, прамыя ўключэнні, брыфінгі і каментарыі палітолагаў.

У дзень парламенцкіх выбараў апошнія навіны і ад Агенцтва тэленавін у эфіры кожную гадзіну. Глабальны тэлемарафон пачнецца ў 8 раніцы.

З дапамогай мабільных перадаючых станцый журналісты будуць уключацца з розных пунктаў краіны. А з 8-мі вечара на "Беларусь 1" пачне працу інфармацыйны канал. Эксклюзіўныя кадры - фінальнае галасаванне на выбарчых участках і першы падлік галасоў. У студыю Агенцтва тэленавін прыйдуць эксперты, міжнародныя назіральнікі і нават кандыдаты ў дэпутаты.

11 верасня ў 10:00 у Палацы Рэспублікі адбудзецца першая прэс-канферэнцыя. Акрэдытацыю атрымалі СМІ з дзесяці краін. Гэта вядучыя сусветныя тэлекампаніі, інфармагенцтвы, інтэрнэт- і друкаваныя выданні. У Беларусі будуць працаваць журналісты з Кітая, Катара, Германіі, Францыі, Расіі і Украіны.