Развіццё адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам абмяркоўвалі на тыдні і ў Бруселі

19 мая 2019

Там адбыліся сустрэчы кіраўніцтва ЕС і краін "Усходняга партнёрства", прысвечаныя юбілейнаму, 10-му году дзейнасці ініцыятывы. У 2009 яна ўзнікла як праграма для ўмацавання сувязяў Еўропы з шасцю постсавецкімі краінамі: Беларуссю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам. Цікавасць узаемная: як з боку дзяржаў "Усходняга партнёрства" да ЕС, так і з боку Еўрасаюза да суседзяў на ўсходзе. Прычына простая - рынак у 70 мільёнаў чалавек.

Беларусь вітае пазітыўны характар працэсаў у адносінах Мінска і Бруселя. Да канца гэтага года будуць падпісаны  тыя самыя доўгачаканыя пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і ЕС. Асноўныя перамовы па гэтым пытанні ўжо завершаныя. І магчыма, візавае пагадненне ўдасца скласці яшчэ да падаражэння Шэнгена. 

Аднак у супрацоўніцтве Беларусь - ЕС яшчэ застаюцца пытанні. Размова аб неабходнасці ліквідацыі гандлёвых бар'ераў і аб найхутчэйшым падпісанні прыярытэтаў партнёрства. Сярод беларускіх прапаноў: стварыць у Еўрапейскім інвестыцыйным банку спецыяльнае "акно" для праектаў "Усходняга партнёрства" або спецыялізаваны банк ініцыятывы. 

Беларусь таксама выступае за ліквідацыю штучных фармальнасцяў пры перасячэнні мяжы з ЕС. Чэргі да 10 гадзін, а для фур і ў некалькі дзён мала каму могуць спадабацца.