Раўнапраўны дыялог як сродак вырашэння ўсіх праблем у адносінах Беларусі і Еўрасаюза

23 июля 2013
Раўнапраўны і паўнавартасны дыялог павінен быць сродкам вырашэння ўсіх праблем у адносінах Беларусі і Еўрасаюза. Аб гэтым сёння ў інтэрв'ю Агенцтву тэленавін заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, падводзячы вынікі сустрэчы кіраўнікоў МЗС дзяржаў - удзельнікаў ініцыятывы Усходняе партнёрства, якая прайшла ў Бруселі.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, Еўракамісар па пытаннях палітыкі суседства Штефан Фюле, а таксама кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краін - членаў ЕС і краін-партнёраў. У Бруселі Уладзімір Макей пацвердзіў прынцыповыя падыходы Беларусі да развіцця адносін з Еўрасаюзам.

Беларусь настойвае на неабходнасці практычнага напаўнення праграмы Усходняе партнёрства. Афіцыйны Мінск прапаноўвае на палях саміту праводзіць штогадовыя бізнес-форумы. Больш актыўна павінна развівацца ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы. Паводле слоў Уладзіміра Макея, далейшае развіццё Усходняга партнёрства не павінна прывесці да з'яўлення новых падзяляльных ліній. Пакуль ад праекта аддачы мала.

У лістападзе саміт Усходняга партнёрства пройдзе за 200 кіламетраў ад Мінска. Літва зараз старшынствуе ў ЕС. І Беларусь мае намер прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праекта Вільнюскай дэкларацыі.