Праца летняй сесіі АБСЕ ў Мінску працягваецца

7 июля 2017

Сёння агульныя камітэты Парламенцкай асамблеі - іх 3 - працягваюць дэбаты.

На парадку дня - дзясяткі пытанняў і прапаноў. Пасяджэнні праходзяць паралельна ў некалькіх залах. Акрамя агульных праблем - гэта барацьба з тэрарызмам, міграцыя і рэформы Парламенцкай асамблеі - нацыянальныя дэлегацыі выносяць на абмеркаванне і лакальныя пытанні, якія могуць мець глабальныя наступствы. Беларусь падала дзве ініцыятывы - па процідзеянні гандлю людзьмі і па барацьбе з дызайнерскімі наркотыкамі. Ну, а ўсе рашэнні знойдуць адлюстраванне ў выніковай мінскай дэкларацыі.

Пётр Талстой, кіраўнік дэлегацыі Расіі ў ПА АБСЕ: "Мы лічым галоўным дасягненнем цяперашняга форуму, апроч яго выдатнай арганізацыі і гасціннасці нашых беларускіх калег, стварэнне антытэрарыстычнага камітэта ўнутры Парламенцкай асамблеі АБСЕ. З гэтай прапановай Расійская Федэрацыя выступала на працягу двух гадоў. Нарэшце яна пачутая. Мы вельмі рады гэтаму. Спадзяемся на канструктыўную працу з калегамі ў гэтым камітэце, таму што на сённяшні дзень яна галоўная пагроза, як мы яе бачым. І насамрэч, яна, мабыць, важнейшая за ўсе астатнія, таму што права чалавека на жыццё з'яўляецца асноватворным і найважнейшым".

Выніковы дакумент прымуць у фінальны дзень форуму - 9 ліпеня. Мінская дэкларацыя будзе змяшчаць рэкамендацыі для нацыянальных урадаў, парламентаў і міжнароднай супольнасці па рэагаванні на актуальныя выклікі і пагрозы. Да таго ж будуць абраныя кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі.