Прамое ўключэнне з Уручскай выбарчай акругі

17 ноября 2019

На сувязь са студыяй выходзіць Анастасія Бенедзісюк. Яна працуе ў самай вялікай выбарчай акрузе сталіцы - Уручскай (прамое ўключэнне). Перадаю вам прывітанне са сталічнага клуба "Ракетчык". Адразу зазначу, спяшацца набіраць касмічныя хуткасці па яўцы выбаршчыкаў не будзем, усяму свой час. Зрэшты, першых жаваранкаў мы ўжо гатовыя сустракаць. Лічаныя хвіліны таму тут, як, уласна, па ўсёй краіне, стартаваў асноўны дзень галасавання. Так і хочацца дадаць: "Паехалі!". І адразу крыху эксклюзіўных кадраў. Нават прыйшоўшы ў 8 раніцы, вы б гэта не ўбачылі. Я папрашу рэжысёра вывесці на экран працэс апячатвання урны з каментарыямі старшыні гэтага ўчастка.

У клубе "Ракетчык" размясціліся адразу два выбарчыя участкі, на першым і на другім паверхах адпаведна. Адносяцца яны да Уручскай выбарчай акругі, зазначу, самай вялікай па колькасці выбаршчыкаў у Мінску. 69 тысяч чалавек. Для іх адкрыты 30 выбарчых участкаў.

Уручча, дзе я зараз знаходжуся, гэта не толькі мікрараён, гэта і ваенны гарадок. Ды і сам "Ракетчык" працуе пры Ваеннай акадэміі. Таму сёння чакаем тут не толькі цывільных выбаршчыкаў. Дарэчы, ваеннага білета, каб прагаласаваць, будзе дастаткова, як і пасведчання (студэнцкага, пенсіённага, вадзіцельскага) і, зразумела, пашпарта.

Галасаваць у нашай краіне можна з 18 гадоў. Для тых, хто сваім выбарчым правам будзе карыстацца ўпершыню, падрыхтаваны падарункі. Наогул увесь дзень як свята. На кожным участку будуць працаваць канцэртныя пляцоўкі, выязны гандаль. Усё, каб дзень правесці і з карысцю, і з задавальненнем. Але галоўнае - спакойна.

На ўзмоцнены варыянт нясення службы пераведзены ўсе экстранныя службы Беларусі. Яшчэ перад стартам датэрміновага галасавання яны абследавалі ўсе выбарчыя ўчасткі. Правяраўся тэхнічны стан памяшканняў, іх адпаведнасць мерам грамадскай і пажарнай бяспекі. Усе нязначныя парушэнні былі адразу ж ліквідаваны.

Такая сітуацыя да гэтай хвіліны. Мне застаецца дадаць, што выбарчы марафон сёння будзе доўжыцца 12 гадзін і завершыцца ў 20:00. Выбарчыя камісіі будуць працаваць без абеду.


Тэгі:

#Выборы 2019