Праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі Беларусі і Расіі

27 октября 2015

Праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на два гады падпісалі сёння ў Маскве кіраўнікі МЗС Беларусі і Расіі. Як паведаміў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей, гэта паглыблены сістэмны дакумент, які ахоплівае ўсе сферы супрацоўніцтва. Таксама сёння па выніках сумеснай калегіі быў зацверджаны план кансультацый паміж МЗС дзвюх краін. Ён уключае ў сябе 28 кірункаў у рамках каардынацыі сумесных знешнепалітычных дзеянняў.

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі: "Мы выказалі задавальненне нашым цесным супрацоўніцтвам у рамках ААН. Яно характарызуецца супадзеннем па ўсіх актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня. Адзіныя мы ў тым, што ААН валодае ўнікальнай легітымнасцю і застаецца ўніверсальнай пляцоўкай для каардынацыі дзеянняў сусветнай супольнасці. Умовіліся нарошчваць узаемадзеянне ў рамках ААН у інтарэсах эфектыўнага процідзеяння шматлікім выклікам і пагрозам сучаснасці, якія, на жаль, памнажаюцца". 
 
Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:"Сёння на парадку дня ў ААН стаіць яшчэ адно пытанне, асабліва актуальнае для нашых краін. Вы ведаеце, што Беларусь як старшыня ў органах ЕАЭС на мінулым тыдні занесла ў Нью-Ёрку праект рэзалюцыі аб падаванні ЕАЭС статусу назіральніка пры Генасамблеі ААН. Гэта важны крок на шляху да належнага міжнароднага пазіцыянавання нашага саюза, годнай інтэграцыі ЕАЭС у сістэму міжнародных арганізацый. Таму мы вельмі разлічваем на тое, што сумеснымі высілкамі Беларусь, Расія і іншыя дзяржавы - члены саюза змогуць забяспечыць прыняцце гэтага рашэння Генасамблеяй".

Падчас калегіі бакі абмеркавалі актуальныя праблемы сусветнага парадку дня, у тым ліку падзеі ва Украіне. У сувязі з чым Сяргей Лаўроў яшчэ раз выказаў падзяку Беларусі за садзейнічанне ва ўрэгуляванні ўнутрыўкраінскага канфлікту. "Мы ўдзячныя за цудоўную арганізацыю перагаворнага працэсу і высілкі з боку Беларусі па ўрэгуляванні канфлікту", - адзначыў Сяргей Лаўроў.