Прыярытэт Беларусі ў ЦЕІ - прасоўванне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе

14 февраля 2017

Прыярытэтам Беларусі падчас старшынства ў Цэнтральнай Еўрапейскай Ініцыятыве стане прасоўванне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе. З такой заявай выступіў сёння кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, калі адкрываў першае пасяджэнне камітэта нацыянальных каардынатараў ЦЕІ. Вяртанне блокавай палітыкі - шлях у нікуды, а пераадоленне выклікаў, якія існуюць у Еўропе, патрабуе суладных дзеянняў з удзелам усіх еўрапейскіх краін.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Неабходна адзначыць, што Беларусь упершыню бярэ на сябе вядучую ролю ў адной з найстарэйшых арганізацый еўрапейскай інтэграцыі за нашай заходняй мяжой, якая аб’ядноўвае краіны - члены Еўрапейскага Саюза і яго найбліжэйшых суседзяў. Мы разглядаем гэта як унікальную і своечасовую магчымасць для больш актыўнага ўцягвання Беларусі ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. У гэты ж час старшынство Беларусі мае асаблівае значэнне ва ўмовах нестабільнага становішча ў рэгіёне і беспрэцэдэнтных выклікаў, з якімі мы сёння сутыкаемся".

Рэальную пагрозу міру і стабільнасці стварае міграцыйны крызіс, заявілі сёння на сустрэчы, а таксама сацыяльнае напружанне і эканамічныя праблемы. Беларусь шмат гадоў займала першыя пазіцыі ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі 18 краін арганізацыі і кіраўнікі ЦЕІ.