Пры ЦВК зарэгістравана 9 міжнародных назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі

29 июня 2016

Пры ЦВК ужо зарэгістравана шэсць нацыянальных і дзевяць міжнародных назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму каналу заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У студыі Белтэлерадыёкампаніі адбыўся запіс новага звароту для інфармацыйнага рэсурсу да парламенцкіх выбараў. Завяршылася фарміраванне акруговых камісій. Менавіта яны вызначаць парадак вылучэння кандыдатаў у кожным раёне. А ўжо зараз патэнцыяльныя прэтэндэнты на месцы ў парламенце могуць падаваць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Нагадаем, у гэтую нядзелю, 3 ліпеня, пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Фінальная дата для гэтага этапу кампаніі 1 жніўня.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Пададзеныя заяўкі, ад СНД ужо вялікая група - ужо дзесьці 20 чалавек. Зараз усе назіральнікі ад СНД ужо вельмі актыўна працуюць, яны ўсе маніторылі працэс стварэння акруговых і тэрытарыяльных камісій. Што датычыцца заходніх назіральнікаў, пакуль яны якіх-небудзь лістоў, анкет нам не накіроўвалі, я думаю, што за два месяцы да выбараў сфарміруецца і гэты касцяк".

Цэнтрвыбаркам зацвердзіў і склад савета па назіранні за агітацыяй у СМІ. Яго ўдзельнікаў вызначылі на чарговым пасяджэнні. Адзін з прадстаўнікоў савета - намстаршыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў. Не пазней за 9 ліпеня завершыцца стварэнне выбарчых участкаў. З 2 па 11 жніўня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў, а спісы грамадзян сфарміруюць да 26 жніўня. Самі парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня.