Прэзідэнты Беларусі і Судана сёння правядуць перамовы ў Мінску

10 декабря 2018

Прэзідэнты Беларусі і Судана сёння правядуць перамовы ў Мінску. У нашу краіну з афіцыйным візітам прыбыў Амар Хасан Ахмед аль-Башыр. Лідары падрабязна абмяркуюць рэалізацыю ранейшых дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту беларускага лідара ў Хартум у студзені мінулага года, а таксама далейшых кантактаў на іншых узроўнях. У цэнтры ўвагі і самыя перспектыўныя кірункі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У тым ліку ў сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, здабычы карысных выкапняў і гуманітарнай галіны.

Перамовы ў Палацы Незалежнасці пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Вынікам, як чакаецца, стане сумесная заява лідараў дзвюх краін. Плануецца і падпісанне каля 20-ці двухбаковых дагавораў, пагадненняў і кантрактаў. У праграме візіту Амара Хасана Ахмеда аль-Башыра - удзел у цырымоніі афіцыйнага адкрыцця пасольства Судана. Адзначым, Судан для Беларусі - адзін з найважнейшых партнёраў у Афрыцы. За апошнія два гады наш экспарт у гэтую краіну вырас, а колькасць таварных пазіцый амаль падвоілася.