Прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі магчымасці паглыблення інтэграцыі на Форуме рэгіёнаў у Магілёве

12 октября 2018

Развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі - адзін з найважнейшых эканамічных прыярытэтаў Беларусі. Аб магчымасцях паглыблення інтэграцыі гаварылі лідары дзвюх краін падчас пленарнага пасяджэння V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Маштабная пляцоўка палітычнага і эканамічнага дыялогу на гэты раз сабрала каля трох дзясяткаў кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Узровень кантакту з імі пацвярджаюць канкрэтныя факты. Паміж нашай краінай і ключавымі суб'ектамі Федэрацыі падпісана каля 80 пагадненняў аб супрацоўніцтве, а аб'ём гандлю з гэтымі ключавымі партнёрамі складае больш чым 70 % ад тавараабароту паміж краінамі. І сёння адна з галоўных задач - намеціць асноўныя і прарыўныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва.

Перад пленарным пасяджэннем прэзідэнты правялі двухбаковую сустрэчу. Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Уладзіміра Пуціна ў Магілёве. Дарэчы, гэтая (трэцяя з пачатку восені) сустрэча лідараў далёка не апошняя. Беларусь і Расія да канца года будуць прадстаўлены на вышэйшым узроўні ў рамках міжнародных самітаў у Астане і Маскве.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за запрашэнне, прадметную арганізацыю сумеснай працы на форуме. Прэзідэнт Расіі ўпэўнены, што мерапрыемствы і вынікі сустрэч на форуме будуць вельмі карыснымі.

Дыялог рэгіёнаў працягвае даказваць сваю эфектыўнасць. Больш як 70 новых пагадненняў былі падпісаныя ўжо да сярэдзіны дня. Таксама дасягнутая прынцыповая дамоўленасць, якая датычыцца адмены роўмінгу паміж дзвюма краінамі. Яшчэ ў жніўні Беларусь і Расія зацвердзілі дарожную карту па вырашэнні гэтага пытання.

У цэлым жа чакаецца, што агульная сума беларуска-расійскіх кантрактаў па выніках усіх дзён форуму перавысіць паўмільярд долараў.