Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы паслоў 12 краін і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза

12 сентября 2019

У складзе інтэрнацыянальнага пула дыпламатаў у Беларусі сёння абнаўленне. Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы паслоў 12 краін і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. Нягледзячы на то што, па сутнасці, гэта афіцыйная акрэдытацыя дыпламатаў,  некаторыя з іх прыбылі ў Беларусь яшчэ некалькі месяцаў таму. Ужо паспелі адаптавацца. Сустрэць Дзень Незалежнасці, пабываць на II Еўрапейскіх гульнях і гістарычным матчы  Еўропа - ЗША. Так што ўражанні аб краіне  ўжо ёсць. Сярод прадстаўнікоў дыпмісій наш найбліжэйшы саюзнік  - Расія, паслы постсавецкіх рэспублік, Еўрасаюза, Цэнтральнай Амерыкі і Афрыкі. Старт іх місіі супадае з важнай палітычнай падзеяй у краіне - парламенцкімі выбарамі. Як і падчас электаральнай кампаніі, так і ў супрацоўніцтве з любой з дзяржаў, робячы выбар, бяром курс на будаўніцтва суверэннай дзяржавы і прымнажэнне нашых дасягненняў. Беларусь скіравана на адкрыты і даверны дыялог з усімі партнёрамі. Наш аглядальнік Ілона Красуцкая не толькі асвятляла мерапрыемства, але і паспела пагаварыць з новымі кіраўнікамі дыпмісій у нефармальнай абстаноўцы.

Верасень, мабыць, лепшы час для пагоднай і дыпламатычнай акліматызацыі. Ужо не так горача - важны момант для дыпламатаў з афрыканскіх краін. Хоць якое яно, беларускае лета, многія з паслоў усё ж адчулі. Прагматычнае рашэнне прыехаць у Беларусь  загадзя: паглыбіцца ў дэталі місіі, пазнаёміцца з культурай краіны. Тым больш  апошні час было шмат яркіх падзей, у Мінску сустракаліся некалькі кантынентаў. Наперадзе яшчэ шмат цікавага. Для наваспечаных дыпламатаў адразу гэта і візіт у Палац Незалежнасці, і першая асабістая аўдыенцыя ў беларускага Прэзідэнта. 

Свет вялікай палітыкі ўжо даўно прыцягвае ўвагу мацней за  жыццё селебрыці. Хто з кім побач стаў падчас фатаграфавання, ці быў поціск рукі, сканіруюць і міміку палітыкаў. У гэтым плане строгасць цырымоніі даверчых грамат дапамагае пазбегнуць уяўных інфападстаў.

Свайго роду акрэдытацыю для старту дыпмісіі - граматы - паслы ўручаюць строга ў алфавітным парадку. Першая сёння, напрыклад, Балгарыя. 

Калі літары алфавіту вызначаюць парадак выхаду, то падчас прамовы беларускаму Прэзідэнту ў дапамогу шырокая геаграфія - аб прынцыпах нашай знешняй палітыкі ў свеце  ведаюць. У Беларусі няма любімчыкаў, гатовыя да адкрытага дыялогу з усімі краінамі. Усё ж гэта важны меседж для тых, хто толькі пачынае місію. А старт яе прыпаў на важны час - у Беларусі праходзіць парламенцкая кампанія. 

Асацыяцыі, што Беларусь - гэта чыстыя вуліцы і спагадныя людзі, ужо здаюцца нейкім мейнстрымам. Зараз іншы трэнд. У свеце нас ведаюць як суверэнную дзяржаву,  у прыярытэце ў якой у першую чаргу нацыянальныя інтарэсы. Беларусь асацыюецца і з пляцоўкай для мірнага дыялогу. Дыялогу ў імя бяспекі. Тыдзень таму пра гэта гаварылі на антытэрарыстычнай канферэнцыі. Сярод гасцей было шмат іншаземцаў, топавых еўрапейскіх палітыкаў. Зрэшты Мінск гатовы аднавіць размову па актуальнай праблематыцы. 

Следам экскурс, як далей будуць развівацца двухбаковыя адносіны - зварот да кожнага з дыпламатаў. Першым  лагічна  да нашага  найбліжэйшага саюзніка - Расіі. Пасол Дзмітрый Мезенцаў за 3 месяцы дыпламатычнай службы ў Мінску паспеў знайсці гістарычныя карані ў Беларусі, сустрэць Дзень Незалежнасці, пабываць на гучных спартыўных форумах. Гаварылі пра яго шмат, яшчэ больш пра беларуска-расійскія адносіны. 


На ўрадавым узроўні краіны ўжо ўзгаднілі праграму па паглыбленні інтэграцыі Саюзнай дзяржавы. Больш за 3 дзясяткі дакументаў тычацца практычна ўсіх сфер двухбаковага супрацоўніцтва. Але канчатковую праграму падрыхтуюць да сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Яна запланаваная на пачатак снежня.

А вось з іншымі суседзямі па ЕАЭС - Казахстанам і Кыргызстанам, улічваючы патэнцыял інтэграцыі, прыярытэтнымі задачамі стануць пашырэнне і дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных сувязяў. 

А новаму паслу Казахстана ў Беларусі Аскару Бейсенбаеву да таго ж трэба будзе  займацца падрыхтоўкай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. Яна таксама запланаваная на гэты год. 

Папярэднік Бейсенбаева стварыў добрую базу: адкрываюцца новыя вытворчасці, тавараабарот імкнецца ўверх, па выніках мінулага года наблізіўся да 900 млн долараў. Але мэта - дасягнуць некалькі мільярдаў. Ды і час абнаўляць дарожную карту супрацоўніцтва.

А. Лукашэнка: мы скіраваны на развіццё добрасуседскіх і прагматычных адносін з ЕС

У гэтай сустрэчы ёсць шмат момантаў, якія выклікаюць цікавасць. Па-першае, персона дыпламата. Новы кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель. Яго папярэдніца Андрэа Віктарын нямала зрабіла для прасоўвання дыялогу па лініі Беларусь - ЕС. Зараз важна не страціць прагрэс. 

Раней Дзірк Шубель некалькі разоў прыязджаў у Беларусь, калі курыраваў супрацоўніцтва з краінамі "Усходняга партнёрства". Таксама ўзначальваў дэлегацыю Еўрасаюза на сустрэчах каардынацыйнай групы "Беларусь - ЕС". 

Так што ключавыя пытанні сумеснага парадку дня:  развіццё дамоўна-прававой базы і пагадненне (якога ўсе так чакаюць) аб спрашчэнні візавага рэжыму - таксама яго сфера дзейнасці. 

Агульны пазітыўны фон у супрацоўніцтве з Еўрасаюзам складваецца дзякуючы кропкавай працы з шэрагам асобных краін. Прыклад таму Германія.

Апошнія гады ў адносінах афіцыйных Мінска і Берліна прыкметна актывізацыя, асабліва на палітычным узроўні. Германія партнёр Беларусі нумар адзін па пастаўках высокатэхналагічнага абсталявання, у тым ліку для мадэрнізацыі прадпрыемстваў.

Таксама па-суседску Латвія зацікаўлена ў нармалізацыі адносін Беларусі з ЕС і актыўна спрыяе наладжванню гэтага дыялогу. Але акрамя палітыкі, у адносінах важны эканамічны складальнік. Летась гандаль з Латвіяй перавысіў паўмільярда долараў, але патэнцыял куды большы.

Скачку чакаюць пасля перамоў на вышэйшым узроўні. Працягваецца падрыхтоўка візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Рыгу. А яшчэ больш краіны аб'яднае будучая спартыўная падзея - у 2021 годзе дзве сталіцы будуць прымаць сусветны чэмпіянат па хакеі. 

Турызм стане важкім дадаткам да супрацоўніцтва, пакуль гэтая ніша прыярытэт і ў беларуска-балгарскім партнёрстве. Час заваёўваць і іншыя ў прамысловасці, АПК і навуцы. 

Беларусі і Харватыі яшчэ трэба будзе ўзмацніць і палітычнае, і эканамічнае супрацоўніцтва. У гэтым плане ўзорны прыклад - Швейцарыя, прызначэнне першага ў гісторыі пасла гэтай краіны ў Беларусі. Удалося прыкметна прасунуцца ў кантактах на ўсіх узроўнях і зараз важна захаваць гэтую дынаміку. А вось за парогам ЕС стаіць Вялікабрытанія. Акрамя папулярных зараз хештэгаў #брексит і   #жесткийбрексит, пры ўпамінанні новага кіраўніка дыппрадстаўніцтва Злучанага Каралеўства ў нашай краіне Жаклін Перкінс ёсць свой - гэта дыпладогс. У Мінск з Кувейта яна прывезла сваіх знакамітых сабак Спаркі і Кэсідзі. Яны ўжо паспелі сабраць мноства лайкаў і каментарыяў у сацсетках. Сама Перкінс у дыпламатыі ўжо амаль 30 гадоў. У яе багаты вопыт працы ў пасольствах арабскіх краін. Пасол Вялікабрытаніі апошнія два гады вучыць рускую. У вакабуляры хутка з'явяцца і беларускія словы. 

Самае банальнае, што не схаваецца ад цікаўнага погляду - вонкавы выгляд дыпламатаў. Згодна з вопытам, прадстаўнікі далёкіх краін прыходзяць у нацыянальных касцюмах, якія падкрэсліваюць каларыт. Прыклад таму  пасол Казахстана. У парадным сёння і пасол Расіі. А вось прадстаўнікі краін далёкай дугі ўпадабалі класічны дрэс-код. Што тычыцца супрацоўніцтва, то ад класічнага фармату - гандлю  з Гватэмалай і афрыканскімі Эфіопіяй і Танзаніяй  - у планах куды большыя амбіцыі. 

Нефармальныя зносіны - неад'емны атрыбут. Тут, як правіла, дыпламаты перадаюць прывітанні беларускаму лідару ад сваіх прэзідэнтаў. Дзеляцца ўражаннямі аб Беларусі і планах на новай пасадзе. 

Сёння стала ясна, што графік міжнародных сустрэч у беларускага Прэзідэнта будзе шчыльным. Рыхтуюцца візіты ў Расію, Латвію, Казахстан. Найбліжэйшы - 1 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са сваімі калегамі-прэзідэнтамі па ЕЭАС на саміце ў Ерэване. У любым выпадку асновай для сустрэчы на вышэйшым узроўні павінен быць добры эканамічны падмурак і канкрэтныя праекты - аснова дыпламатычнай місіі новых паслоў.