Прэзідэнт арыентаваў урад на пераадоленне сучасных выклікаў

4 июня 2020
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прызначыў новы склад урада.

Кадравы дзень адбыўся сёння ў Палацы Незалежнасці.


Прэм'ер-міністрам стаў Раман Галоўчанка, які да гэтага часу займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Вызначаны і шэраг іншых пасад у Савеце Міністраў. Падчас нарады Кіраўнік дзяржавы пазначыў асноўныя задачы і прыярытэты, якія стаяць перад краінай. Нягледзячы на змяненні складу ўрада, неабходна захаваць яго суладную працу нават ва ўмовах, калі сітуацыю ў краіне камусьці хочацца падагрэць і раскалыхаць. 


Прызначаючы новы склад урада, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў усіх на інтэнсіўную працу для пераадолення сучасных цяжкасцяў. Выклікаў сёння хапае! І ў такіх умовах патрабуецца максімальная сабранасць і мабілізацыя ўрадавага пула. Каб не дапусціць падзення эканомікі і ўзроўню жыцця людзей як мінімум. На гэтым фоне здзіўленне выклікаюць папулісцкія заявы некаторых наваспечаных палітыкаў.

Новы склад урада Беларусі


Такім чынам, нагадаем, з гэтага часу беларускі ўрад узначальвае Раман Галоўчанка. Яго першым намеснікам прызначаны Мікалай Снапкоў. Таксама віцэ-прэм'ерам Прэзідэнт прызначыў Аляксандра Субоціна. Дзмітрый Крутой будзе працаваць на пазіцыі намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Новы кіраўнік і ў Камітэце дзяржкантролю - гэта Іван Церцель. Ёсць змяненні і ў міністэрскім корпусе. Руслан Пархамовіч будзе кіраваць Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Пётр Пархомчык - міністр прамысловасці, а Ігар Луцкі - міністр інфармацыі. Юрый Селіверстаў прызначаны міністрам фінансаў Беларусі. Старшыня Дзяржкамваенпрама - Дзмітрый Пантус. А на пасадзе кіраўніка Дзяржкаммаёмасці будзе з гэтага часу Дзмітрый Матусевіч. Ратацыя закранула і Мінжылкамгас - кіраўніком ведамства прызначаны Андрэй Хмель. Сёння Прэзідэнт растлумачыў логіку сваіх рашэнняў і, у прыватнасці, па новым прэм'еру. 

Размова з абноўленым урадам сёння была грунтоўная. Лідар пазначыў важныя акцэнты не толькі для выканаўчай улады, але і для ўсяго беларускага грамадства. Поўнае выступленне - сёння ўвечар у "Панараме".